Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка забараніў неабгрунтавана выклікаць беларусаў у міліцыю і КДБ. А што адбываецца насамрэч

Будынак КДБ у Менску. Архіўнае фота
Будынак КДБ у Менску. Архіўнае фота

Указ Лукашэнкі ад 13 чэрвеня ўносіць змены ў ягоную ж дырэктыву аб дэбюракратызацыі дзяржапарату, якая дзейнічае з 2006 году. 

На адзін з пунктаў дакумэнту зьвярнула ўвагу выданьне blizko.by.

У дырэктыве Лукашэнка загадвае «выключыць выпадкі неабгрунтаванага выкліку грамадзян, прадстаўнікоў юрыдычных асоб у суды, органы пракуратуры, унутраных спраў, дзяржаўнай бясьпекі, Камітэту дзяржаўнага кантролю, падатковыя, мытныя і іншыя дзяржаўныя органы, знаходжаньне названых асоб у названых органах звыш часу, неабходнага для вядзеньня працэсуальных дзеяньняў».

Пры прыняцьці рашэньняў, якія закранаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян і юрыдычных асоб, Лукашэнка патрабуе «няўхільна выконваць патрабаваньні заканадаўства, не дапускаць іх адвольнага тлумачэньня пры ўжываньні. У выпадку няяснасьці або недакладнасьці прадпісаньняў прававога акту рашэньні павінны прымацца, зыходзячы з максымальнага ўліку законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб».

А як насамрэч

У Беларусі цяпер каля 1500 палітвязьняў, дзясяткі тысяч чалавек прайшлі праз арышты, допыты, многія заявілі аб катаваньнях, вядома пра сьмерці падчас разгону акцыяў пратэсту 2020 году і ў турмах. Крымінальныя справы па гэтых фактах і заявах не заводзіліся.

Праваабаронцы штодня паведамляюць пра арышты і гвалтоўныя затрыманьні ў розных гарадах Беларусі, сілавікі паказваюць відэа з затрыманымі, блякуецца перапіска з палітвязьнямі, шмат судоў адбываецца ў закрытым рэжыме, адвакаты ня могуць паведамляць дэталяў справы.

Паводле дакладу Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН ад сакавіка 2023 году, умовы ўтрыманьня ў турмах Беларусі адносяцца да жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня і катаваньняў.

Зьняволеным не аказваецца своечасовая мэдыцынская і юрыдычная дапамога. Палітычныя зьняволеныя Аляксандр Віхор, Дзяніс Кузняцоў, Вітольд Ашурак і Мікалай Клімовіч загінулі ў зьняволеньні.

XS
SM
MD
LG