Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праявіце сьвядомасьць». КДБ пачаў у «жыроўках» расказваць беларусам пра «вэрбаваньне замежнымі спэцслужбамі»

Фота жыроўкі, якое апублікаваў тэлеграм-канал «​​​​​​​Суды, задержания. Гродно и область»
Фота жыроўкі, якое апублікаваў тэлеграм-канал «​​​​​​​Суды, задержания. Гродно и область»

Беларусам пачалі рассылаць «жыроўкі» з папярэджаньнем ад КДБ пра тое, што замежныя спэцслужбы могуць паспрабаваць іх завэрбаваць.

Фатаздымак плацёжкі апублікаваў тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Паводле зьвестак «Зеркала», такія жыроўкі знайшлі ў сваіх паштовых скрынях жыхары Горадні.

На адваротным баку плацёжкі гаворыцца, што спэцслужбы замежных дзяржаў нібыта «робяць спробы вярбоўкі беларускіх грамадзян для атрыманьня выведвальнай інфармацыі, зьдзяйсьненьня дывэрсіяў і тэрактаў». З гэтай мэтай яны, як сьцьвярджае КДБ, могуць прапанаваць беларусам «перавесьці далейшыя зносіны ў закрыты фармат», выведаць іх асабістыя зьвесткі і іншую інфармацыю, папрасіць за ўзнагароду «купіць сім-карту, зьняць кватэру, забраць ці даслаць пасылку, перадаць прадметы», а таксама перадаваць інфармацыю аб дзейнасьці сілавікоў, органаў улады і іншую інфармацыю пра становішча ў Беларусі.

«Калі ў дачыненьні да вас ці вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рабіліся падобныя дзеяньні, праявіце сьвядомасьць і неадкладна зьвярніцеся ў органы дзяржаўнай бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні.

  • У пачатку траўня Аляксандар Лукашэнка склікаў нараду сілавікоў пра «нарастаньне пагрозаў дывэрсіяў на межах краіны». Па выніках нарады старшыня КДБ Іван Тэртэль аб’явіў аб «узмацненьні жорсткасьці контравыведвальнага рэжыму» ў Беларусі.
  • Апошнім часам, пасьля атакі на самалёт у Мачулішчах, узмацніліся праверкі на межах Беларусі: людзі ў цывільным зь беларускага боку могуць праверыць кантакты ў тэлефоне, перапіскі, сацсеткі, цікавяцца знаёмымі, якія не жывуць у Беларусі, але могуць выклікаць пытаньні ў беларускіх праваахоўнікаў, дапытваюць грамадзян Украіны і людзей, якія раней езьдзілі ва Ўкраіну, былі зь ёй зьвязаныя, просяць паказаць від на жыхарства і інш. Пры выезьдзе з краіны на беларускім баку сталі правяраць валізкі.

XS
SM
MD
LG