Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 чэрвеня: 22-гадовага сьветлагорца судзяць за «тэрарызм»; у «сьпіс экстрэмістаў» унесьлі яшчэ 11 чалавек


Архіўнае фота. Былы аглядальнік дзяржаўнага тэлеканала АНТ, палітвязень Дзьмітры Семчанка
Архіўнае фота. Былы аглядальнік дзяржаўнага тэлеканала АНТ, палітвязень Дзьмітры Семчанка

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

У «сьпіс экстрэмістаў» унесьлі яшчэ 11 чалавек, сярод іх — былы кіраўнік прэзыдэнцкага пулу АНТ Семчанка

У сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», 9 чэрвеня ўнесьлі яшчэ 11 чалавек, сярод іх — былы аглядальнік дзяржаўнага тэлеканала АНТ, палітвязень Дзьмітры Семчанка, асуджаны да 3 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 130 КК.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Семчанка, які кіраваў прэзыдэнцкім пулам АНТ, звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненьні да пратэстоўцаў. У верасьні 2020 года, верасьні і кастрычніку 2022-га яго арыштоўвалі ў адміністрацыйным парадку, пасьля заканчэньня тэрміну апошняга арышту на волю ён ня выйшаў — на яго завялі крымінальную справу.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Семчанка «ў 2020–2022 гадах у розных тэлеграм-каналах і чатах разьмяшчаў публікацыі, накіраваныя на фармаваньне ў грамадзкасьці непрыязнасьці і нянавісьці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады».

Таксама ў «сьпіс экстрэмістаў» трапілі:

  • Міраслаў Вільчкоўскі, Дзьмітры Канаплянік, Васіль Маліноўскі, Сьвятаслаў Сокал, Маргарыта Сокал, Тацяна Бузуй, Дзьмітры Самсонаў, усе асуджаныя за «арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці актыўны ўдзел у іх»
    (паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу);
  • Сяргей Калясень, асуджаны паводле ч. 1 арт. 342КК і ч. 1 арт. 328 («выраб, набыцьцё, захоўваньне ці перавозка наркатычных сродкаў бяз мэты збыту»),
  • Аляксандра Хомчанка — за публічную абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368; грамадзянка РФ),
  • Аляксандар Скатарэнка — за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130КК) і «абразу судзьдзі або народнага засядацеля» (арт. 391).

Цяпер агулам у «сьпісе экстрэмістаў» ужо 2901 прозьвішча.

Да 15 гадоў калёніі за «тэрарызм»: у Гомлі судзяць 22-гадовага жыхара Сьветлагорска

У Гомлі разглядаюць крымінальную справу супраць 22-гадовага жыхара Сьветлагорска, заўважыла мясцовае выданьне «Флагшток». Суд ідзе ў закрытым рэжыме, а маладому чалавеку пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Абвінавачаны — Максім Драбніца. Паводле інфармацыі выданьня, маладому чалавеку 22 гады. Яго судзяць за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо актыўны ўдзел у ім» і «арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у яе дзейнасьці». У чым менавіта абвінавачваюць Максіма, невядома.

Наступнае паседжаньне пройдзе 12 чэрвеня. Судовы працэс закрыты.

Палітвязьнямі прызналі яшчэ 15 чалавек, цяпер іх у Беларусі 1495

Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычнымі вязьнямі яшчэ 15 чалавек, вынікае з сумеснай заявы на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».

Адпаведны статус атрымалі Анастасія Пер’яновіч, Ільля Дубак, Уладзімер Ганусевіч, Яўген Ціхановіч, Аляксей Мілеўскі, Марыя Камінская, Аляксандар Клімашэвіч, Андрэй Новік, Віктар Горбач, Алег Заяц (трансгендарны мужчына, паводле дакумэнтаў Вольга), Дзьмітры Чурыла, Ільля Акішаў, Аксана Лакоза. Гэта людзі, абвінавачаныя, зьмешчаныя пад варту альбо ужо асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Палітвязьнямі таксама прызнаныя Андрэй Навасельчан (арт. 342, а таксама арт. 368 — «абраза прэзыдэнта» і арт. 369 — «абраза прадстаўніка ўлады») і Сяргей Іванцоў (арт. 342 і 3614 — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Апрача «Вясны», заяву падпісалі Беларускі Хэльсынкскі камітэт, Беларускі ПЭН, «Прававая ініцыятыва», Lawtrend ды Human Constanta.

Паводле стану на 10 чэрвеня, яны лічаць палітвязьнямі ў Беларусі 1 495 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG