Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у ЗША апублікаваў 37 абвінавачваньняў у дачыненьні да Дональда Трампа


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Фэдэральны суд ЗША апублікаваў 37 абвінавачваньняў у дачыненьні да Дональда Трампа. Былога прэзыдэнта Злучаных Штатаў сярод іншага абвінавачваюць у несанкцыянаваным захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў і змове з мэтай перашкодзіць правасудзьдзю пасьля таго, як ён пакінуў Белы дом у 2021 годзе.

Судовае рашэньне было абнародаванае ў дзень, калі двое юрыстаў заявілі, што ня будуць прадстаўляць інтарэсы былога прэзыдэнта, а былому памочніку экс-прэзыдэнта Ўолту Навуце прад’явілі абвінавачаньні ў сувязі зь неналежным абыходжаньнем з сакрэтнымі паперамі ў рэзыдэнцыі Трампа.

Трамп паўстане перад судом у Маямі ў аўторак, 13 чэрвеня, за дзень да свайго 77-годзьдзя.

Па самым «цяжкім» з артыкулаў абвінавачаньня Трампу пагражае да 20 гадоў турмы. Былы прэзыдэнт ЗША ужо заявіў ва ўласнай сацсетцы, што віну не прызнае.

Журналісты называюць абвінавачаньні ў дачыненні да былога прэзыдэнта, вылучаныя фэдэральнай пракуратурай, беспрэцэдэнтнымі — у гісторыі ЗША такога не здаралася.

Акрамя таго, працэс будзе праходзіць на фоне прэзыдэнцкай перадвыбарнай гонкі. Выбары адбудуцца ў наступным годзе і Трамп збяўляецца адным з кандыдатаў, які лідзіруе ў апытаньнях. Судовы перасьлед ня будзе перашкодай для правядзеньня выбарчай кампаніі, удакладняе Reuters.

Трамп і яго палітычныя саюзьнікі называюць перасьлед помстай з боку прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна. У сваю чаргу Белы дом заявіў, што загадзя аб абвінаваўчым заключэньні адносна экс-прэзыдэнта ня ведаў.

У жніўні летась Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў правяло ў рэзыдэнцыі Трампа Мар-а-Лага ў Флорыдзе ператрус. Тады былі канфіскаваныя 11 камплектаў сакрэтных дакумэнтаў і каля двух дзясяткаў каробак, пра зьмесьціва якіх не паведамлялася.

Трамп заяўляў, што канфіскацыя праводзілася незаконна, паколькі многія з дакумэнтаў ён рассакрэціў сам падчас свайго прэзыдэнцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG