Аб'яднаны пераходны кабінэт, зьлева направа: Валер Сахашчык, Аляксандар Азараў, Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка, Валер Кавалеўскі
У заяве на тэлеграм-канале Аб’яднанага пераходнага кабінэту гаворыцца, што ён «пачынае праверку».
«Прыярытэтам пры выпрацоўцы захадаў па рэагаваньні будзе гарантаваньне бясьпечнага захаваньня ўсёй інфармацыі, атрыманай ByPol у працэсе дзейнасьці, — гаворыцца ў заяве. — Улічваючы спэцыфіку дзейнасьці арганізацыі ByPol, Аб’яднаны пераходны кабінэт, яго кіраўніца і прадстаўнікі лічаць мэтазгодным усім бакам устрымацца ад любых бягучых камэнтарыяў і інтэрпрэтацый да таго моманту, пакуль ня будуць прынятыя рашэньні на падставе максымальна поўнай інфармацыі».
Кіраўнік аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў таксама мае пасадупрадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінэту па аднаўленьні законнасьці і правапарадку.
Раней Азараў заявіў выданьню «Зеркало», што некалькі супрацоўнікаў адмовіліся праходзіць паліграф і іх звольненілі. Адзін зь іх, Мацьвей Купрэйчык, нібыта прыхапіў з сабой доступы да ўсіх сацыяльных сетак арганізацыі.
Пазьней у тэлеграм-канале ByPol зьявілася паведамленьне, што Аляксандар Азараў і Станіслаў Лупаносаў нібыта выключаныя з аб'яднаньня. У заяве сьцвярджаецца, што Азараў «не зьяўляецца і ніколі ня быў заснавальнікам альбо кіраўніком ByPol», а нібыта быў выключна прэзыдэнтам фонду ByPol, куды «быў прызначаны» для выкананьня фармальных функцый.