Кіраўнік абароннага ведамства БеларусіВіктар Хрэнін пракамэнтаваў пастаноўку на ўзбраеньне найноўшага зэнітнага ракетнага комплексу С-400. Сярод іншага, ён заявіў, што заходнія краіны ўмацоўваюць свой вайсковы, у тым ліку наступальны, патэнцыял.
«Для нас жыцьцёва важна прымаць рашэньні для ўзмацненьня абароннага патэнцыялу нашай дзяржавы», — заявіў Віктар Хрэнін.
Таксама Хрэнін заявіў, што галоўнай задачай міністэрства сёньня зьяўляецца «недапушчэньне вайсковай агрэсіі» супраць Рэспублікі Беларусь.
Комплекс С-400 прызначаны для зьнішчэньня паветраных і некаторых балістычных цэляў. Новыя ракеты для С-400 у стане страляць на адлегласьць да 400 кілямэтраў. Адзін комплекс С-400 (туды ўваходзіць чатыры адзінкі тэхнікі) каштуе каля 650 мільёнаў даляраў.
Як заўважыў праект «Беларускі Гаюн», на апублікаваных фота Мінабароны, сярод іншага, прысутнічае камандзір 15-й зэнітнай ракетнай брыгады УС РБ (в/ч 30151) палкоўнік Андрэй Долбік, аб прыбыцьці комплексу на відэа «ВоенТВ» дакладваў вайсковец гэтай брыгады.
Акрамя гэтага, аналіз фота і відэа Мінабароны паказвае, што міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін наведаў разьмяшчэньне 6-га зэнітнага ракетнага дывізіёна 15-й зэнітнай ракетнай брыгады ў навакольлях вёскі Дубрава (Смалявіцкі раён, Менская вобласьць). Усё гэта зь вялікай доляй імавернасьці ўказвае на тое, што менавіта на ўзбраеньне 6-га дывізіёна 15-й брыгады паступіў ЗРК С-400.