Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная расказала пра зьдзекі зь цяжарнай з боку начальніка «хіміі» ў Горадні


Марына Сачыўка, архіўнае фота
Марына Сачыўка, архіўнае фота

«Ён атрымліваў асалоду ад псыхалягічнага гвалту над жанчынамі», расказала пра начальніка папраўчай установы адкрытага тыпу № 25 у Горадні былая палітзьняволеная Алена Лысковіч.

«Начальнік „хіміі“ — падпалкоўнік міліцыі Сяргей Г. Ён атрымліваў асалоду ад псыхалягічнага гвалту над жанчынамі — гэта яго галоўны, скажам так, прынцып жыцьця.

Мы добра пазнаёміліся з Марынай Сачыўкай. Празь месяц знаходжаньня на „хіміі“ яна даведалася, што цяжарная. А начальнік зразумеў, што гэта яе слабае месца, і пачаў зь яе зьдзекавацца.

То бок цяжарнасьць была для яго такім асноўным матывам, каб Марыну проста псыхалягічна зьнішчаць, карыстаючыся тым, што яна ня можа абараняцца. Вядома, ёй было вельмі цяжка», — расказала праваабаронцам Алена Лысковіч пасьля адбыцьця 1,5 года «хіміі» ў Горадні.

Згодна з заканадаўствам, для жанчын на 12 тыднях цяжарнасьці прадугледжаны перавод на «хатнюю хімію», аднак начальнік быў супраць такога раскладу ў дачыненьні да Марыі Сачыўкі, расказала Лысковіч:

«На што ён склаў дакумэнты: Марына ня будзе пераведзеная на „хатнюю хімію“, бо, калі прыйдзе дэкрэтны водпуск, у яе будзе ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і яна паедзе дадому. Суд падтрымаў яго трызьненьне.

І вось у канцы сьнежня 2022 года ў яе надыходзіць дэкрэт. І абвешчаны ў нас на „хіміі“ паказальны суд: прыехаў судзьдзя, пракурор, сабралі ўсіх асуджаных, начальнік таксама прысутнічаў у залі. І тут паўстае гэтая опэрупаўнаважаная, якая суправаджае па судах усіх асуджаных, і кажа: „А ў нас ад кіраўніцтва ПУАТ хадайніцтва. І мы хадайнічаем не аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, а аб узмацненьні жорсткасьці“».

Алена Лысковіч расказала, што гэтая навіна стала для ўсіх шокам.

«Мы ўсе „выпалі ў асадак“. Атрымліваецца, яны падалі хадайніцтва аб тым, што Марыне будзе падоўжаная „хатняя хімія“. Што яе адбыцьцё „хіміі“ заменяць на хатнюю. То бок чалавек цалкам падмануты, уведзены ў зман.

Судзьдзя нешта там праглынуў, і ў нейкіх скамечаных фразах зачытаў паперу пра тое, што так і будзе. І празь 5 хвілін вынес пастанову аб тым, што Марына паедзе адбываць яшчэ паўтара года „хатняй хіміі“. І мы назіралі гэтую абуральную сваволю, гэтае парушэньне ўсіх мажлівых і немажлівых нормаў закону. І самае страшнае, што судовая і пэнітэнцыярная сыстэма павязаныя ў адну суцэльную сыстэму, якая займаецца толькі гвалтам над людзьмі, толькі перасьледам».

Алена Лысковіч зазначыла, што «аднаму Богу вядома, як Марына пратрымалася там 7 месяцаў».

«Нядаўна, 15 сакавіка, у яе нарадзілася дачушка. Дзякуй Богу, нарадзілася здаровае дзіцятка», — расказала Лысковіч.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG