Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія пранкеры Ваван і Лексус паспрабавалі разыграць Ціханоўскую ад імя Парашэнкі, але хутка выдалі сябе


Расейскія пранкеры Ўладзімір Кузьняцоў (Ваван) і Аляксей Сталяроў (Лексус)
Расейскія пранкеры Ўладзімір Кузьняцоў (Ваван) і Аляксей Сталяроў (Лексус)

У праграме кіраўніка АНТ Марата Маркава зьявіліся расейскія пранкеры Ваван і Лексус (Уладзімір Кузьняцоў і Аляксей Сталяроў). Яны паказалі відэа розыгрышу Сьвятланы Ціханоўскай.

Дарадца Ціханоўскай Францішак Вячорка прысутнічаў пры размове. Ён расказаў некаторыя падрабязнасьці гутаркі ў інтэрвію «Нашай ніве».

Вячорка сказаў, што камандзе Ціханоўскай прыйшоў запыт на размову з экс-прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

«Да нас прыйшоў запыт аб размове — ну, давайце пагаворым. Гэта звычайная працэдура. Мы ў прынцыпе кожны тыдзень па пятніцах робім відэаразмовы з усімі ахвотнымі.

Часам вар’яты прыходзяць на такія сазвоны. У цэлым, калі табе няма чаго хаваць, то ніякія пранкеры не страшныя. Сьвятлана спачатку гаварыла максымальна карэктна і даносіла пазыцыю, якую мы даносім паўсюль», — расказаў Вячорка.

Паводле яго, стала ясна, што гэта падман, калі загаварыў «Парашэнка». Ён гаварыў з расейскім акцэнтам — у слове Славянск націск паставіў на «а».

«Мы зразумелі, што адбываецца, але ня клалі трубку. Вырашылі выйсьці прыгожа, і я папрасіў „Парашэнку“ размаўляць па-ўкраінску. Ён паплыў, ну і ўсё», — дадаў Вячорка.

Відэа ў перадачы Маркава паказалі асобнымі кавалкамі. Сьвятлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі яе офісу падключыліся да тэлефанаваньня празь відэасувязь.

Ціханоўская расказала, што яе каманда адстойвае пазыцыю, каб не здымалі санкцыі на калійныя ўгнаеньні зь Беларусі.

Пасьля да размовы падключыўся Валер Кавалеўскі, які тлумачыў, хто лабіруе зьняцьцё санкцыяў — краіны Паўднёвай Эўропы з сувязямі ў Лацінскай Амэрыцы.

Ціханоўская таксама адзначыла, што разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — гэта вялікая пагроза, бо пасьля будзе цяжка выгнаць з краіны расейскіх вайскоўцаў.

Пра полк Каліноўскага Ціханоўская сказала, што дэмакратычныя сілы Беларусі ня могуць загадаць ім вызваліць Беларусь, бо добраахвотнікі знаходзяцца ў падначаленьні ва ўкраінскай арміі.

Пасьля гэтага да размовы далучыўся іншы дарадца Ціханоўскай — Францішак Вячорка, які валодае ўкраінскай мовай, і стаў размаўляць на ёй. На гэтым відэа АНТ перарываецца, у працягу іншы пранкер, які прыкідваўся памочнікам Парашэнкі, сказаў: «Прабачце, Пятро Аляксеевіч набухаўся пасьля сустрэчы ў Брусэлі і з вамі хацеў бы бухнуць, калі што, як прыедзем, сустрэнемся».

«Ну, мы не бухаем», — адказала Ціханоўская.

Як адзначае «Наша ніва», Ціханоўская і чальцы яе каманды падчас пранку не сказалі нічога, чаго не гавораць у сваіх публічных выступах.

У 2014 годзе Ваван і Лексус разыгралі Аляксандра Лукашэнку. Яму пазванілі пад выглядам сына былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і пыталіся пра магчымасьць палітычнага прытулку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG