Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскія авіякампаніі пачалі аблятаць Расею падчас сваіх рэйсаў у ЗША


Кітайскі самалёт. Ілюстрацыйнае фота.
Кітайскі самалёт. Ілюстрацыйнае фота.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ЗША, Эўразьвяз і шэраг іншых краін закрылі сваю паветраную прастору для расейскіх самалётаў.

Кітайскія авіякампаніі пачалі пазьбягаць палётаў над паветранай прасторай Расеі ў рамках нядаўна зацьверджаных рэйсаў у ЗША. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на дадзеныя сэрвісу для адсочваньня рэйсаў FlightAware і афіцыйных прадстаўнікоў галіны.

У пачатку траўня Міністэрства транспарту ЗША заявіла, што дазволіць кітайскім авіякампаніям павялічыць колькасьць пасажырскіх рэйсаў у ЗША зь сёлетніх 8 да 12 штотыднёвых рэйсаў. 18 траўня былі зацьверджаныя новыя штотыднёвыя рэйсы Air China (Пэкін — Нью-Ёрк), China Eastern (Шанхай — Лос-Анджэлес), Xiamen Airlines (Сямынь — Лос-Анджэлес) і China Southern (Гуанчжоў — Лос-Анджэлес).

Агенцтва са спасылкай на FlightAware піша, што паветраную прастору Расеі аблятаюць толькі тыя самалёты, якія лятаюць па нядаўна зацьверджаных рэйсах. У астатніх выпадках кітайскія кампаніі працягваюць выкарыстоўваць расейскую паветраную прастору пры палёце ў ЗША.

У Мінтрансе ЗША адмовіліся адказваць на пытаньне аб тым, ці патрабавала адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна, каб кітайскія перавозчыкі пазьбягалі паветранай прасторы Расеі ў якасьці ўмовы для ўхваленьня чатырох новых рэйсаў. У ведамстве адзначылі, што 12 штотыднёвых рэйсаў — гэта невялікая частка ад больш як 150 рэйсаў у абодва бакі, дазволеных кожным з бакоў да ўвядзеньня абмежаваньняў у пачатку 2020 году ў сувязі з пандэміяй COVID-19.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ЗША, ЭЗ і шэраг іншых краін закрылі сваю паветраную прастору для расейскіх самалётаў. У адказ Расея забараніла гэтым краінам палёты ў сваёй паветранай прасторы.

У лютым старшыня камітэту міжнародных адносін Сэнату ЗША Робэрт Мэнэндэс і лідэр рэспубліканцаў у верхняй палаце Кангрэсу Джэймс Рыш заклікалі адміністрацыю Байдэна забараніць кітайскім і іншым неамэрыканскім авіякампаніям лятаць у ЗША праз тэрыторыю Расеі. Пазьней выданьне The New York Times пісала, што Мінтранс ЗША распрацаваў адпаведны праект загаду.

Пра гэта таксама прасілі амэрыканскія авіякампаніі, якія ўказвалі на тое, што перавозчыкі зь іншых краін, для якіх расейскае неба засталося адкрытым, атрымалі больш пераваг. Airlines for America ацэньвала страты амэрыканскіх авіякампаній у 2 млрд даляраў за год, паколькі пасьля забароны на палёты ў расейскай паветранай прасторы час маршруту і расход паліва амэрыканскіх авіякампаній павялічыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG