Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раім вам зьмяніць „інгрэдыенты“ і стаць свабодным народам». Украінскія памежнікі адказалі беларускім, якія запрасілі іх на боршч


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На беларуска-ўкраінскай мяжы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На беларуска-ўкраінскай мяжы

Беларускія памежнікі запісалі для ўкраінскіх калегаў аўдыёзапрашэньне на боршч. Украінскія памежнікі адказалі.

Тэлеканал «Белсат» 31 траўня апублікаваў відэа зь беларуска-ўкраінскага памежжа, на якім жаночы голас пад музыку цымбалаў па-ўкраінску расказвае пра беларускі і ўкраінскі боршч і адрозьненьні паміж імі, падкрэсьлівае, што боршч — «унікальная страва ўсходнеславянскай кухні», і запрашае ўкраінцаў:

«Калі вам больш ня будзе з чаго гатаваць ваш боршч — пераходзьце на наш бок. Пакаштуйце наш беларускі боршч! Не пашкадуеце».

Гэтае аўдыёпасланьне беларускага боку пракамэнтавалі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.

«Новы старшыня беларускіх памежнікаў вырашыў, што лепш сытыя падначаленыя, чым узброеныя! Дык вось, пакуль абсталяваньне ляжыць у скрынях, увесь калектыў бульбаІПСА (ІПСА — інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя. — РС) кінуўся перапісваць рэцэпт украінскага баршчу на беларускі матыў! Аднак, колькі бульбы ў „капусту“ ні дадавай, атрымліваецца „саюзная поліўка“. Карацей, добрая спроба, але НЕ!» — гаворыцца ў камэнтары ўкраінскіх памежнікаў.

У сваім звароце да беларускіх калегаў украінскія памежнікі адзначаюць, што беларускі боршч цяпер «зусім ня той самы, як гэта было да моманту, калі для яго гатаваньня вы выкарысталі нож, які ўваткнулі ў сьпіну ўкраінцаў», і больш падобны «да турэмнай баланды і зусім не падобны да ўкраінскага баршчу».

У сваім звароце ўкраінскія памежнікі падкрэсьліваюць, што «ўкраінцы — свабодалюбная нацыя», якая заўсёды змагаецца за сваю незалежнасьць.

«Затое вы на гэта ня здольныя і ўжо шмат гадоў знаходзіцеся ў палоне аднаго тырана і аднаго бункернага дзеда.

Мы не рабы, каб спрабаваць ваш беларускі боршч. Замест гэтага мы раім вам зьмяніць „інгрэдыенты“ і стаць свабодным народам, а не гвалтоўна зьняволеным. А да таго — ежце самі, не падавіцеся.

Да сябе вас ня клічам і настойліва раім заставацца на сваёй тэрыторыі, бо пашкадуеце!» — гаворыцца ў звароце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG