Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перастрэлка на мяжы Ірану і Афганістану. Ёсьць забітыя


На афгана-іранскай мяжы
На афгана-іранскай мяжы

Двое іранскіх памежнікаў і адзін баявік талібаў забітыя пасьля перастрэлкі бакоў на мяжы Ісламскай рэспублікі з Афганістанам. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго.

Інцыдэнт 27 траўня адбыўся на фоне напружанасьці паміж дзьвюма краінамі вакол правоў на ваду. Абодва бакі абвінавацілі адзін аднаго ў пачатку страляніны, піша іранская служба Радыё Свабода.

Афіцыйнае ўрадавае інфармацыйнае агенцтва IRNA цытуе брыгаднага генэрала Касема Рэзаі, намесьніка камандзіра нацыянальнай паліцыі, які заявіў, што памежная застава на паўднёвым усходзе Ірану зазнала «моцнай атацы» талібаў, што выклікала «рашучае і адважнае супрацьдзеяньне» з іранскай мяжы.

«Сілы Талібану ініцыявалі напад насуперак міжнароднаму праву і прынцыпам добрасуседзтва», — сказаў Рэзаі.

IRNA паведаміла, што пасьля памежных сутыкненьняў брыгадны генэрал Ахмадрэза Радан, галоўны камандзір нацыянальнай паліцыі, выдаў дырэктыву памежнікам, папрасіўшы іх «абараняць межы адважна і рашуча і не дапускаць ніякіх парушэньняў або замахаў».

Прадстаўнік талібаў заявіў, што ў сутыкненьнях загінулі два чалавекі, абвінаваціўшы іранскія сілы ў страляніне першымі. Прэс-сакратар міністэрства абароны талібаў Энаятула Хаваразьмі пацьвердзіў факт сутыкненьняў у раёне Кан правінцыі Німраз, заклікаўшы да «дыялёгу і перамоваў».

«Ісламскі эмірат Афганістан лічыць дыялёг і перамовы разумным спосабам вырашэньня любой праблемы. Апраўдваньне вайны і нэгатыўных дзеяньняў не ў інтарэсах ніводнага з бакоў», — сказаў Хаваразьмі.

Сутыкненьні адбыліся пасьля папярэджаньня прэзыдэнта Ірану Ібрагіма Раісі, які 18 траўня заклікаў дэ-факта рэжым талібаў у Афганістане не парушаць правы Ірану на ваду ў рацэ Гільмэнд.

Згодна з пагадненьнем 1973 году, Афганістан абавязаны пастаўляць Ірану 850 мільёнаў кубамэтраў вады штогод з ракі Гільмэнд. Іран абвінаваціў Афганістан у невыкананьні пагадненьня, што Кабул адхіляе. Спрэчкі наконт разьмеркаваньня трансгранічных запасаў вады на працягу дзесяцігодзьдзяў псуюць адносіны паміж дзьвюма суседзямі.

Прадстаўнікі талібаў неаднаразова заяўлялі, што з-за нізкага ўзроўню вады, нават калі яны адкрыюць грэблю Каджакі, нічога не дасягне Ірану.

Вада з 1150-кілямэтровай ракі Гільмэнд, самай доўгай у Афганістане, жывіць возера Хамун у іранскай правінцыі Сыстан-Бэлуджыстан. Рэгіён у значнай ступені залежыць ад возера, і чыноўнікі кажуць, што яно пацярпела ад сур’ёзных праблем з-за пастаяннага недахопу вады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG