Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньня Gallup. Апытаньні праводзіліся ў 11 краінах — былых рэспубліках СССР. Яны не праводзіліся ў Беларусі, Таджыкістане і Туркмэністане.
У большасьці краін былога СССР — прасторы, якую Крэмль лічыў зонай сваіх інтарэсаў і асаблівага ўплыву, — ухваленьне дзеяньняў расейскага кіраўніцтва зьнізілася больш як на дзесяць адсоткавых пунктаў.
У Азэрбайджане яно скарацілася ў 2,6 раза — да 23% ухваляюць рашэньні Масквы. У іншых краінах, якія гістарычна сымпатызавалі расейскаму кіраўніцтву, — у Армэніі, Казахстане, Малдове — доля тых, хто не ўхваляе Расею, таксама ўпершыню перавысіла долю тых, хто ўхваляе.
У Кіргізстане і Ўзбэкістане тых, хто сымпатызуе Расеі, большая, хоць і там узровень ухвалы расейскіх уладаў істотна зьменшыўся.
Апроч гэтага, з прычыны вайны расейскія ўлады губляюць сымпатыі расейскіх дыяспар у краінах-суседзях. Упершыню за 15 гадоў апытаньняў Gallup большасьць этнічных расейцаў заявілі, што не ўхваляюць Расею, у Эстоніі і Латвіі, адмоўнае стаўленьне рэзка вырасла і сярод этнічных расейцаў у Казахстане.
Разам з гэтым ва Ўкраіне і краінах Балтыі вырас аўтарытэт кіраўніцтва ЗША. У большасьці постсавецкіх краін ён ужо вышэйшы, чым аўтарытэт расейскага кіраўніцтва.