Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шыі і руках — шнары. Больш за 3 месяцы няма лістоў ад палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка


Ігар Лосік.
Ігар Лосік.

Як стала вядома Свабодзе, 31-гадовага журналіста Свабоды палітвязьня Ігара Лосіка ўтрымліваюць у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) Наваполацкай калёніі. Сюды Лосіка перавялі са штрафнога ізалятара, куды ён у сакавіку трапляў двойчы запар.

ПКТ — гэта камэра ў калёніі з строгім рэжымам утрыманьня, куды зьмяшчаюць асуджаных за злосныя парушэньні парадку. Максымальны тэрмін утрыманьня ў ПКТ — 6 месяцаў. Вязьні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль цягам шасьці месяцаў, мець штодзённы шпацыр — 30 хвілін, хадзіць на працу, чытаць. На які тэрмін Ігара Лосіка зьмясьцілі ў ПКТ і што стала прычынай такога пакараньня, невядома.

Лістоў Ігар Лосік па-ранейшаму не атрымлівае. Ні ад бацькоў, ні ад жонкі Дар’і, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі.

Паводле інфармацыі Свабоды, кожны дзень Ігар піша скаргі, што няма лістоў і што да яго не дапускаюць адваката. Адміністрацыя турмы на скаргі не адказвае.

У Лосіка цяпер няма адваката. Першы пад пагрозай рэпрэсій зьехаў за мяжу. Другога пазбавілі ліцэнзіі. Трэцяга затрымалі паводле адміністрацыйнай справы 20 сакавіка — ягоны далейшы лёс невядомы. Чацьвёрты на пачатку траўня ў аднабаковым парадку скасаваў дамову з бацькамі Ігара.

На шыі і руках Лосіка па два шнары

Паводле крыніц Свабоды, фізычны стан Ігара Лосіка здавальняючы. Але на яго шыі заўважныя два шнары: адзін даўжынёй каля 10 см, другі каля 7 см. На руках таксама два шнары.

Нагадаем, у сакавіку праваабаронцы паведамілі, што палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік парэзаў сабе рукі і шыю ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) наваполацкай калёніі. Паводле нашых крыніц, парэзы былі даволі глыбокія, іх зашывалі. У санчастку, аднак, Ігара не паклалі, а вярнулі ў ШЫЗА.

Псыхалягічны стан Ігара складаны, больш за тры месяцы ён у поўным інфармацыйным вакуўме. Лосік нібыта просіць сустрэчы з псыхолягам, але псыхоляга да зьняволенага таксама не дапускаюць.

Журналіст Свабоды, палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году, у сьнежні 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Нагадаем, больш за 3 месяцы няма вестак ад палітзьняволеных Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Паўла Севярынца.

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG