Галоўная апазыцыйная партыя Сырыза пакуль набірае толькі каля 20%, паведамляе BBC. Аднак для таго, каб адна партыя магла сфармаваць урад, паводле грэцкай выбарчай сыстэмы, ёй трэба мінімальна 45% галасоў. Інакш давядзецца ствараць кааліцыю ці абвяшчаць другі тур выбараў.
Асноўным прэтэндэнтам на пасаду прэм’ера па выніках выбараў зьяўляецца дзейны кіраўнік ураду Кір’якас Міцатакіс. 55-гадовы палітык узначальвае партыю «Новая дэмакратыя» з 2016 году. Міцатакіс абяцае займацца скарачэньнем падаткаў, што яго ўрад праводзіў і ў першы тэрмін, таксама ён абяцае дасягнуць 3-працэнтнага гадавога росту эканомікі, дамагчыся большай колькасьці прамых замежных інвэстыцый і менш чым 8-працэнтнага беспрацоўя.
Галоўны супернік Міцатакіса, кіраўнік Сырызы Алексіс Цыпрас, ужо павіншаваў прэм'ера зь перамогай на выбарах. Цыпрас ачольваў урад з 2015 па 2019 гады. Ён у 2018 дамогся скасаваньня рэжыму строгай эканоміі. Ягоная партыя, як адзначаюць аналітыкі, раней была больш левай, але цяпер наблізілася бліжэй да цэнтру ў палітычным спэктры.
Цыпрас абяцаў змагацца з інфляцыяй, у якой вінаваціць унутраныя «картэлі», павялічыць дзяржаўныя выдаткі на адукацыю і павысіць заробкі дзяржаўных службоўцаў і мэдыцынскіх работнікаў.
Каля 12% набірае Сацыялістычная партыі PASOK. Лідэр партыі Нікас Андрулакіс абяцаў «зялёны пераход» ад вугалю і прыроднага газу, моцную нацыянальную сыстэму аховы здароўя, празрыстасьць і мэрытакратыю.
Ён асуджаў Міцатакіса і Цыпраса як непрыдатных кіраваць Грэцыяй, бо абодва падтрымлівалі палітыку жорсткай эканоміі, якая прывяла да зьбядненьня многіх грэкаў. Ён назваў дзеяньні гэтых двух палітыкаў «папулізмам пры гальштуку і папулізмам бяз гальштуку».