«Японія. G7. Важныя сустрэчы з партнэрамі і сябрамі Ўкраіны. Бясьпека і ўзмацненьне супрацоўніцтва для нашай перамогі. Сёньня сьвет стане бліжэй», — напісаў Зяленскі ў тэлеграме.
На саміце G7 Зяленскі сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам для абмеркаваньня пытаньня паставак Украіне зьнішчальнікаў F-16, заявіў у эфіры нацыянальнага тэлемаратону кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак. Ён таксама паведаміў, што Зяленскі і Байдэн абмяркуюць стварэньне міжнароднай «кааліцыі зьнішчальнікаў» і «многія іншыя пытаньні».
- Раней тэлеканал CNN і агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, паведамілі: Джо Байдэн на сустрэчы зь лідэрамі G7 сказаў, што Вашынгтон падтрымае намаганьні саюзьнікаў па падрыхтоўцы ўкраінскіх лётчыкаў на амэрыканскіх зьнішчальніках F-16. Паводле зьвестак выданьняў, навучаньне ўкраінскіх пілётаў, хутчэй за ўсё, будзе праходзіць у Эўропе і, верагодна, пачнецца ў бліжэйшыя тыдні. Пры гэтым амэрыканскія спэцыялісты будуць удзельнічаць у трэніроўках разам з саюзьнікамі і партнэрамі.
- Байдэн, як пішуць выданьні, таксама заявіў лідэрам G7, што рашэньне аб тым, хто і калі надасьць зьнішчальнікі F-16 Украіне, будзе прынята ў бліжэйшыя месяцы, пакуль ідзе падрыхтоўка пілётаў.
- 16 траўня Вялікая Брытанія, Францыя і Нідэрлянды аб’явілі аб стварэньні «кааліцыі зьнішчальнікаў» па закупцы F-16 для Ўкраіны і навучаньні пілётаў.
- Для паставак Украіне зьнішчальнікаў F-16 амэрыканскай вытворчасьці патрабуецца згода ўраду ЗША. Да гэтага часу фармальна Белы дом адмаўляўся даваць Кіеву гэты тып узбраеньняў, спасылаючыся на цяжкасьці, зьвязаныя з падрыхтоўкай пілётаў, абслугоўваньнем самалётаў, а таксама іх недастатковай абароненасьцю ад расейскіх сыстэм СПА.
- Хаця афіцыйнага пацьверджаньня аб удзеле ЗША ў «кааліцыі зьнішчальнікаў» яшчэ не прагучала, Уладзімір Зяленскі ўжо падзякаваў Байдэну за гэтае рашэньне.