Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вітаем у пекле!». Пачынаем публікаваць фрагмэнты з кнігі журналіста Алега Грузьдзіловіча пра дзевяць месяцаў за кратамі


Фатаздымак Алега Грузьдзловіча з даведкі аб вызваленьні, зроблены ў апошнія дні ў калёніі ў верасьні 2022 года
Фатаздымак Алега Грузьдзловіча з даведкі аб вызваленьні, зроблены ў апошнія дні ў калёніі ў верасьні 2022 года

​​​​​​​Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

Абмочаны на старце

У нос шыбае чалавечай мачой, і я ціхенька аглядаюся вакол, спрабуючы вызначыць, адкуль узяўся такі рэзкі пах. Моршчу нос ад агіды, пах муціць галаву. Што такое? У турэмным жа сарціры такога няма. Раптам бачу, як пад нагамі старога зэка, што стаіць побач са мной, насупроць кабінэта з надпісам «Псыхоляг», іртутнай плямай расьцякаецца лужына.

«Вы каго мне прывезьлі?! Ты што тут робіш?! Маўчы!» — па калідоры грыміць хрыплы голас зь нейкага кабінэта наперадзе. Бачу, што старога зэка яшчэ і калоціць ліхаманка. У гэты момант ягоная чарга рушыць наперад. Сусед бокам робіць крок уздоўж сьцяны, і ўжо мая чарга займаць тое мокрае месца, якое ён вызваліў. Тут ужо ў мяне пачынаецца паніка. Калі ў гэтую хвіліну хто выйдзе з кабінэта псыхоляга, мяне ж запішуць яшчэ і ў сцыкуны! Блін!

Добра, што шэраг зноў зрушыў, і за сэкунды, як дзьверы сапраўды адчыніліся і ў калідоры зьявіўся даўжэзны афіцэр, я пасьпяваю абыйсьці лужыну ды замерці на адной назе праз крок за ёю. Афіцэр утаропліваецца ў лужыну, лупае вачыма, потым падымае галаву да столі і задае пытаньне, ад якога я ледзь ня падаю са сьмеху: «У нас што тут, дах цячэ? Днявальны!!!»

Яшчэ сэкунду таму на другім паверсе штабу 15-й магілёўскай калёніі было стэрыльна і ўрачыста, як у радзільні. І вось табе маеш — насцалі! Уздоўж калідора стаяць прыблізна два дзясяткі зэкаў, усе ў чорных строях, мнуць рукамі дзіўныя шапкі-таблеткі. Частка сярод зэкаў — тыя, каго прывялі з карантыну на разьмеркаваньне па атрадах. Гэтыя зэкі ў новых бліскучых строях, але самі выглядаюць як пабітыя цюцькі: твары шэрыя, вочы долу, плечы зьведзеныя як мага бліжэй да грудзей. Зэк з такіх жа «навабранцаў» побач са мной і абмачыўся ад страху, калі пачуў роў начальніка.

Але тут ня толькі навабранцы. Адначасова з разьмеркаваньнем навічкоў «хазяйка» — так паміж зэкамі заведзена называць начальніка калёніі — праводзіць сёньня «суды» і над тымі асуджанымі, на каго ахоўнікі склалі рапарты за розныя парушэньні ўнутранага парадку. Выглядаюць гэтыя парушальнікі сьмялейшымі за навічкоў з карантыну, ухмыляюцца адзін аднаму і нават на мянтоў кідаюць дзёрзкія позіркі. Хоць іх у рэдкім выпадку пазбавяць спатканьня з роднымі ці якой перадачы, а найхутчэй — пасадзяць на колькі сутак ва ўнутраную турму, так званае ШЫЗА — штрафны ізалятар.

І цень будучага ШЫЗА ўжо выразна бачна на іх тварах. Пра начальніка калёніі ў чарзе кажуць, што ён чалавек настрою, зь якім можа адбыцца шчырая размова, але можа і абмацюкаць як апошняга забойцу ды адправіць на перавыхаваньне ў кутузку. І сёньня якраз такі дзень, калі на літасьць нікому разьлічваць не выпадае. Начальнік толькі выйшаў з адпачынку, яму сёньня пад руку не трапляйся.

«Вы каго мне прывезьлі?! Ты чаго вярнуўся?! Маўчы!» — зноў рве цішыню ў калідоры хрыпучы фальцэт. Неўзабаве з кабінэта начальніка выводзяць вязьня, якога ведаю па карантыне. На чорнай куртцы ліхтаром палае чырвоная бірка асуджанага за забойства. Дагэтуль віны ён не прызнаваў, і вось пачынае пажынаць наступствы: праз хвіліну пад канвоем яго ўжо вядуць па калідоры, потым ледзь ня бегам цягнуць па лесьвіцы.

Куды, мне стане зразумела празь некалькі хвілін, калі самому давядзецца прайсьці тым жа шляхам і спазнаць той жа цёплы прыём «хазяйкі» калёніі.

"З Валадаркі на этап". Малюнак Алега Грузьдзіловіча
"З Валадаркі на этап". Малюнак Алега Грузьдзіловіча

Пасылаюць у Амэрыку

Даўгі стол з шчыльна прыстаўленымі да яго мяккімі крэсламі. На другім баку стала — афіцэры ў сьветлых пясочнага колеру мундзірах, нібыта вось-вось адправяцца ваяваць у пустэльні з бэдуінамі. Пад вялікім партрэтам маладога Лукашэнкі сядзіць чалавек сярэдняга веку з чырвоным тварам, з палкоўніцкімі пагонамі. Вакол вачэй палкоўніка прыпухла, нібы ён ня спаў некалькі начэй запар. Галава вэртыкальна не трымаецца, зноў і зноў валіцца на грудзі. Ну, цяжка чалавеку пасьля адпачынку... Гэта відаць і па хуткасьці, зь якой ён усьведамляе, хто перад ім стаіць навыцяжку.

«Асуджаны Грузьдзіловіч Алег Анатольевіч па артыкуле 342 частка 1 Крымінальнага кодэксу на 1,5 года пазбаўленьня волі. Пастаўлены на прафіляктычны... Не, пачатак тэрміну 10.05.2022, канец тэрміну 30.03.2023 году. Пастаўлены на прафіляктычны ўлік як схільны да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасьці», — стараюся прагаварыць стандартную справаздачу вязьня без памылкі, а як не ўдаецца, разумею, што ўсё, мне канец.

Паўза, ад якой становіцца яшчэ мутарней. Чалавек з чырвоным тварам падымае вочы ад папер і з паўшэпту адразу пераходзіць на роў: «Што, журналіст? Радыё Свабода? Вы каго мне прывезьлі? Адвакаты і журналісты — самыя дрэнныя людзі... Ну, ты патрапіў! Ты за ўсё мне адкажаш, рыхтуйся! Ты чаго сюды прыехаў, вяртайся ў сваю Амэрыку!»

Пасьпяваю ўставіць, што я грамадзянін Беларусі і заўсёды жыў тут.

«Маўчаць! Рот свой паганы закрый!» — палкоўнік пераходзіць на шалёны крык, але раптам паварочвае твар да аднаго з афіцэраў і ківае на маю асабістую справу: «А што ў яго там напісана? Што ён ужо пасьпеў нагаварыць?» Афіцэр падскоквае і зачытвае нейкую паперу, верагодна, запіску стукача. Невядомы стукач падслухаў, як зь сябрам Валодзем мы абмяркоўвалі парадкі і ўмовы ў карантыне. З зачытанага вынікала, што я ўшчэнт скрытыкаваў усё, што там убачыў.

Карантын, ведама, турма яшчэ тая, але з Валодзем мы гаварылі пра іншае. Што ў карантыне спачатку можа спадабацца, бо нарэшце атрымліваеш і станоўчыя эмоцыі. Інакш і ня можа быць. Узяць мяне: пасьля пяці месяцаў ізалятараў нарэшце змог дыхаць чыстым паветрам, пастаяць пад дажджом, адчуць на твары цеплыню сонечных промняў. А якая асалода ноччу расьцягнуцца на ложку з нармальнымі спружынамі, а не на жалезных пласьцінах шконкі, як у ізалятары! Такімі ўражаньнямі мы і дзяліліся з Валодзем, а стукач яўна прыдумаў для сваіх куратараў тое, што яму замаўлялі.

Відаць, недавер да сакрэтнага дакумэнту адбіўся на маім твары, бо палкоўнік нібы ўключыўся і зноў нешта зароў. А потым прагучаў загад, пра які не забудуся цягам усіх наступных месяцаў у 15-й калёніі. Загад рыхтаваць мяне да ПКТ, а калі будзе патрэба, дык «прапусьціць і празь петушыную хату».

Пасьля такога ў кабінэце зноў павісла паўза. Па маўчаньні калег-турэмнікаў палкоўнік яўна адчуў, што прагаварыўся альбо перагнуў палку, і адразу пачаў адкручваць назад. «Ладна, там паглядзім, што зь ім рабіць», — скарэктаваў загад грамадзянін начальнік і раптам згадаў пра данос стукача.

«А каму ён гэта казаў пра карантын? Не сабе ж ён казаў?» — начальнік вытарашчыўся на афіцэра, які сядзеў справа пад вакном.

Той, нібы ўджалены, зноў падскочыў: «Вінаваты! Разьбяромся!» — і злосна зыркнуў вачыма ў мой бок.

Цяпер яму прыйдзецца выцягнуць на суд яшчэ аднаго вязьня, здагадаўся я — і не памыліўся. Недзе праз гадзіну, калі ўжо сядзеў у ШЫЗА, чуў, як у суседнюю камэру некага прывялі. Праз хвіліну па голасе пазнаў сябра Валодзю, зь якім абмяркоўваў жыцьцё ў карантыне.

Але вернемся ў кабінэт начальніка калёніі. Фармальна тое, што апісаў, было паседжаньнем камісіі, якая выносіць нібыта сумеснае рашэньне — вінаваты зэк ці не, а калі караць яго, дык як. Але насамрэч начальнік ні з кім нічога не абмяркоўвае. Мне дык палкоўнік, накрычаўшыся, проста назваў лічбу — дзесяць сутак. Вымавіў стомленым голасам і падсунуў падпісаць нейкую паперу. На выхад!

Вітаем у пекле!

Ужо ня памятаю, як выводзілі з кабінэта ў калідор. Памятаю толькі вытарашчаныя вочы хлопцаў, якія стаялі пасьля мяне ў чарзе на камісію і ўсё чулі. На тварах страх, у вачах пытаньне: колькі?

Адказаць не пасьпяваю. Ці то пасьміхнуўся, ці то плячыма паціснуў наконт падзей у кабінэце начальніка. Найбольш ашаламіў, вядома, загад рыхтаваць мяне да ПКТ, а можа і да «петушынай хаты». Ніяк не даходзіла, што гэта можа быць усур’ёз. Цягнуць па калідоры, ззаду нехта падпіхвае ў сьпіну.

І літаральна празь некалькі крокаў даводзіцца ўцяміць, што сапраўды справа сур’ёзная. Як павялі ўніз па лесьвіцы, ззаду пасыпаліся кухталі — можа тры ці чатыры моцныя ўдары далоньню ў карак, потым у патыліцу. Як аўтаматная чарга. Хацеў азірнуцца, «Вы чаго?!» — пасьпеў абурыцца, як зноў атрымаў у карак і ледзь не пакаціўся зь лесьвіцы. «Ён яшчэ пасьміхацца будзе», — зашыпеў голас ззаду.

Апошнім быў удар у хрыбет, калі ўжо заводзілі ў ШЫЗА. Ляснулі ў той момант, як перад носам адчыніліся дзьверы, і гэтак моцна, што літаральна ўляцеў галавою ў сьцяну насупраць уваходу.

Праз шэсьць дзён у штрафным ізалятары зноў пабачыў начальніка калёніі, але не адразу яго пазнаў. Ня дзіва, бо за тыя дні сутыкнуўся з новай рэальнасьцю.

Падымаюць у ШЫЗА на гадзіну раней, чым у калёніі — а пятай. Праўда, да таго гадзіну побач з ізалятарам, у гадавальніку, брэшуць аўчаркі, і нармальна спаць ужо немагчыма. Але мозг яшчэ адмаўляецца ўключацца, да апошняга трымаецца за салодкія мроі.

І раптам запальваецца сьвятло, прадольныя грукаюць у дзьверы, і ты мусіш падхапіцца з драўляных нар, бо трэба як мага хутчэй іх прышпіліць да сьцяны. Гэта робіцца праз паварот даўгіх мэталічных кранштэйнаў, канцы якіх выведзеныя ў калідор. На тым баку загнуты канец паварочвае ахоўнік, і ты ў камэры можаш падняць свае тры дошкі, абабітыя жалезным вугалком, да сьцяны. «Крышч» — спрацавала зашчапка, і зноў маеш прастору тры на шэсьць мэтраў, на якой да адбою ў дзевяць вечара будзеш гаспадарыць зь невялікімі перапынкамі на ранішнюю і вечаровую праверкі. Хочаш — хадзі як заведзены, хочаш — стой як укапаны. Альбо размахвай рукамі, калі не ляніва. Ці сядзі арлом на высокім зэдліку ля маленькага стала, на якім адначасова могуць умясьціцца толькі два худыя зэкаўскія азадкі, хоць адкідных нараў у камэры можа быць і шэсьць штук. Тры ўнізе і тры над імі, на другім паверсе. Але заплюшчваць вочы нельга — за гэта складуць рапарт.

І вось ты прычапіў да сьцяны свае нары і пачынаеш чаўнаком хадзіць туды-сюды. Мінае менш як паўгадзіны, і ў калідоры чуеш грукат вазка. Гэта баландзёры развозяць сьняданак, на вазку ў іх армейскія флягі з кашай і гарбатай, стосы алюмініевых талерак і ахапак лыжак.

Ноч у ШЫЗА, нават чэрвеньская, халодная. Пасярэдзіне ночы я заўсёды прачынаўся ад калатуну, нібы спаў зімой у лесе. Таму раніцай, каб сагрэцца, спачатку робіш зарадку. Потым мыесься. А як раздадуць гарачую кашу, найчасьцей панцак, праглынаеш яе як мага хутчэй ды запіваеш кубкам салодкай гарбаты. Нарэшце ў страўніку пацяплела, а тады і настрой падняўся.

Ранішняя праверка пачнецца яшчэ праз паўгадзіны, і ў цябе ёсьць час на прыборку: трэба падмесьці падлогу венікам, які адмыслова выдае прадольны, выцерці пыл з усіх гарызантальных паверхняў мізэрнай дзіравай анучкай, асабліва падбаць аб чысьціні «таўчка» — так называюць санвузел у выглядзе чыгуннага карыта зь дзіркай, якім карыстаюцца, седзячы на кукішках.

Як прыбіраюць туалет? Тут ёсьць свае сакрэты, бо ў лепшым выпадку для гэтага знойдзеш старую зубную шчотку ці кавалак анучкі. Але можа ня быць нічога. Тады мый «ачко» чым хочаш, хоць туалетнай паперай. Карыстайся туалетнай паперай, венікам, папрасі ў дзяжурнага хлёркі, парашку. Лі больш вады, каб зьнішчыць пах.

Праўда, мый ня мый, калі ёсьць загад начальства, заўсёды лёгка ўлепяць рапарт за нібыта не прыбранае «ачко». Або за пыл на паліцы, якую ты перад гэтым старанна працёр. У канцы першага ШЫЗА меў ужо два рапарты менавіта за непрыбраны санвузел і пыл на палічцы. Спрачацца з афіцэрамі наконт праўдзівасьці гэтых рапартаў было бессэнсоўна. Адзіны лайфхак, які можа дапамагчы, гэта прыпіска ў канцы тлумачэньня: «Прашу строга не караць». Дзякуючы такой прыпісцы некаторыя пазьбягаюць яшчэ аднаго ШЫЗА.

Але пра гэта я даведаюся пазьней. Пакуль я навічок.

Прыбраўшы ў камэры, чакаеш праверкі. Што яна набліжаецца, чуваць па грукаце ў канцы калідора. Гэта як цунамі. Дзьверы камэр па чарзе адчыняюць, гучыць каманда «Рапарт!», зэкі рапартуюць дзяжурнаму афіцэру, які праводзіць праверку. «У камэры... знаходзіцца... асуджаны... прыборка праведзена... скаргаў няма». Часьцей галасы зэкаў напружаныя, глухія. Відаць, адпавядаюць настрою, які ахоплівае падчас праверкі. Мне дык заўсёды было страшэнна непрыемна. Бо кожная праверка — гэта як сустрэча з тым, ад каго чакаеш новых праблем, а то і пакутаў. Нават дробная памылка ў рапарце можа прывесьці да дадатковага тэрміну.

Псыхалягічны ціск працягваецца і пасьля рапарту. Зэк мусіць адвярнуцца да сьцяны і стаць да яе, падняўшы рукі ды расставіўшы ногі. У гэты час у камэру ўваходзяць кантралёры з драўлянымі калатушкамі ці дручкамі і пачынаюць калаціць па каркасах нараў, кратах вакна, батарэі ацяпленьня. Шукаюць схаваныя цыгарэты ці яшчэ што забароненае. Таксама абшукваюць насельнікаў камэры, нават прамацваюць іх рэчы на паліцы, хоць тых рэчаў усяго нічога — толькі ручнік, мыльніца і зубная шчотка з пакуначкам пасты. Перад сыходам з камэры дзяжурны афіцэр цікавіцца, ці ёсьць пытаньні і просьбы. У мяне ніколі просьбаў не было.

Бывае, зэку шанцуе і можна не дагаворваць даклад. Афіцэр, які праводзіць праверку, можа стаміцца, ці яму сумна, ці што іншае прыйшло ў галаву, і ён можа рапарт спыніць. Са мной так і адбылося на шосты дзень сядзеньня ў ШЫЗА, у панядзелак, 6 чэрвеня.

Малюнак Алега Грузьдзіловіча
Малюнак Алега Грузьдзіловіча

Тая ноч выдалася зусім цяжкай. Ледзь ня кожную гадзіну праз праблему з пухіром мусіў хадзіць да прыбіральні. Плюс косткі ад ляжаньня на дошках як ніколі разбалеліся, і праз кожныя 10–20 хвілін мусіў варочацца з боку на бок. Фактычна ноч ня спаў, і ня дзіва, што калі пачалася ранішняя праверка, нібы яшчэ драмаў. Можа таму, як пачаў даклад, стаў запінацца і забывацца на цэлыя сказы. Пасьля чарговай замінкі ўнутры ўсё пахаладзела. На карантыне ўжо атрымаў рапарт за адно хібнае слова ў дакладзе. Дык могуць жа і цяпер уляпіць яшчэ 10 дзён ізалятара. Начальнік жа загадаў «рыхтаваць да ПКТ»...

Але ў вачах правяраючага афіцэра, якому рабіў даклад, здаецца, ня ўбачыў агрэсіі. Цікаўнасьць, крыху спачуваньня, яшчэ больш абыякавасьці, але дакладна начальнік не настроены дабіваць беднага зэка.

Што да мяне, дык таксама асабліва не зьвярнуў на афіцэра ўвагі. Мент і мент. Нават не заўважыў, колькі зорак на пагонах. І ў твар не ўглядаўся, тым больш сьвятло з вакна біла ў вочы. Толькі голас падаўся нібы знаёмым. «Хопіць, — афіцэр спыніў мой даклад на паўслове. — Пытаньні ёсьць?» — «Пытаньняў няма».

Скончыўся агляд камэры, ляснулі завалы дзьвярэй, і я зноў застаўся ў мёртвай цішыні. Пачынаю хадзіць з кута ў кут, як раптам задумваюся: хто ж гэта прыходзіў мяне правяраць? Згадваю, што гэты ўсё ж неяк дзіўна трымаўся ў параўнаньні з ранейшымі правяраючымі. У камэру так і не зайшоў. Тыя заўсёды заходзілі і прыдзірліва ўсё аглядалі. А гэты — не, нібы толькі вывучаў мяне здаля. Згадваю, што і ахоўнікі паводзілі сябе неяк інакш. Ня лезьлі наперад, лавілі ягоны позірк. А-а-а. Дык можа гэта і быў начальнік калёніі? Той, які роў на мяне і пагражаў прапусьціць празь «петушатню» ды рыхтаваць на ПКТ? Можа, вырашыў асабіста праверыць, як выконваюць ягоны загад, ці трэба мяне даціснуць?

Але потым засумняваўся ў такой вэрсіі. Падумалася: чаго гэта раптам начальніку калёніі асабіста хадзіць па камэрах штрафнога ізалятара? Ён аддасьць загад і чакае выкананьня, а самому чаго тут пэцкацца?

Новая камісія

Яшчэ ня скончылася дзесяцідзёнка ў ШЫЗА, як мяне зноў павялі на «суд» да начальніка калёніі.

Ну, не адразу зразумеў куды... Бо там жа як? Падыходзіць дзяжурны па калідоры, ляскае «кармушкай» і крычыць у дзірку: «На выхад!» Выходзіш, становісься да сьцяны. Як аблапаюць, кудысьці вядуць. Можа і на расстрэл, хто іх ведае.

Ідзеш па калідоры, рукі за сьпінаю. У калёніі можна хадзіць з рукамі ўніз, а тут — не, толькі за сьпінаю, як у СІЗА. Ідзеш хутка, бо падстройваесься пад маладога ахоўніка. Памятаю пафарбаваныя густым бардо сьцены, з правага боку закратаваныя вокны, празь іх ліецца сьвятло з дворыку. Шэрая бэтонная падлога, шэрыя трубы замест плінтусаў. І лёгка пахне пацукамі. Дзіўлюся гэтаму паху, бо нібыта ўсё блішчыць армейскай чысьцінёй. Але не памыляюся. Праз тыдзень, падчас другога сядзеньня ў ШЫЗА, змагу пераканацца, што па ізалятары начамі бегаюць пацукі, а ахоўнікі за імі

ганяюцца з палкамі. Але гэтае адкрыцьцё наперадзе, а пакуль мяне вядуць у невядомасьць, і мне становіцца ўсё трывожней. Можа, вядуць у тую «петушатню», пра якую казаў начальнік? Паніка ў мозгу. Што рабіць?

На такі выпадак бывалы зэк у магілёўскім сьледчым ізалятары так інструктаваў нас, першаходаў. Калі закінулі ў камэру, пра якую падазраеш, што там арыштанты зь нізкім статусам, рукі нікому не падаваць, адразу абвясьціць, што ты мужык, а не «п....», а калі тыя не пацьвердзяць таго самага адносна сябе, грукаць у дзьверы і патрабаваць іншай камэры.

Разумею, тут на ўсё воля адміністрацыі, што захочуць, тое і зробяць. У любой камэры можа чакаць сюрпрыз.

Але мяне вялі не ў «петушатню», а на чарговую камісію. Гэтым разам камісія на чале з палкоўнікам засядала ня ў штабе калёніі, а проста ў будынку ШЫЗА. Заходжу ў малы кабінэт. Там вакол сьцен набілася можа чалавек восем у форме. Зь іх за сталом сядзіць адзін — той самы чырванатвары, які на першай камісіі пагражаў «петушынай хатай», а нядаўна прыходзіў у камэру з праверкай. Разумею, гэта і быў начальнік калёніі!

Зноў раблю даклад, і гэтым разам атрымліваецца без запінкі — наблатыкаўся. Начальнік уключае відэазапіс, і мне зачытваюць складзеныя на мяне рапарты. Адзін — за пыл на паліцы, другі — за дрэнна прыбраны санвузел. Што праўда, даюць выказацца ў сваё апраўданьне. Кажу, што пылу не было, гэта лухта, камэру прыбіраю кожны раз да бляску. І наконт санвузла не пагаджаюся, але менш катэгарычна. Кажу, прыбіраў як мае быць, але праз асаблівасьці здароўя, бо падпрастыў, мушу часта хадзіць па-малому, і пах мог зьявіцца ўжо пасьля прыборкі. Бачу на тварах афіцэраў недаверлівыя ўхмылкі, але начальнік з рашэньнем не сьпяшаецца. Падумаў-падумаў і абвяшчае: за санвузел — пазбавіць доўгатэрміновага спатканьня, за пыл — вялікай рэчавай пасылкі. Расьпішыся!

ШЫЗА і карцар

«Штрафной изолятор». Так па-расейску расшыфроўваецца абрэвіятура ШИЗО. Апошнія 20 гадоў свайго журналісцкага жыцьця даводзілася рэгулярна пісаць пра ШЫЗА, калі туды траплялі палітычныя вязьні. Пры гэтым слова «ізалятар» стараўся не ўжываць і замяняў яго словам «карцар». Чаму? Бо ў рэдакцыі лічылася, што розьніцы паміж карцарам і ШЫЗА няма, ці яна зусім нязначная, а каструбаватае слова «ШЫЗА» шмат каму незразумелае, таму лепш ужываць «карцар».

Збольшага так і ёсьць, але калі трапляеш у ШЫЗА і параўноўваеш умовы там з умовамі ў карцары, розьніца аказваецца істотнай. І цяпер шкадую, што столькі гадоў нехаця, хоць у дробязі, але падманваў сваіх чытачоў-слухачоў. Уяўляю палітвязьня, які выходзіць на волю і чытае пра сябе мой артыкул, дзе пазначана, колькі дзён ён правеў у карцары. А насамрэч ён сядзеў у ШЫЗА альбо ў ПКТ, дзе ўмовы ўсё ж інакшыя. Сорамна!

Пачнем з таго, што карцараў у калёніі не бывае, яны існуюць толькі ў сьледчых ізалятарах. А там, нагадаю, утрымліваюць чалавека, які яшчэ не асуджаны альбо чакае апэляцыі, то бок арыштанта, адносна якога прысуд не ўступіў у сілу, ён ня лічыцца злачынцам, і таму караюць яго крыху лягчэй. А як толькі прыходзіць з суду ліст, што апэляцыйны суд пацьвердзіў прысуд і ты абвешчаны злачынцам, тады чакай, што празь некалькі дзён паедзеш па этапе ў калёнію. І вось там ужо за нейкае парушэньне могуць дадаткова пакараць зьмяшчэньнем у ШЫЗА альбо адправіць у ПКТ — «памяшканьне камэрнага тыпу». Туды на працяглы час, нават на некалькі месяцаў трапляюць тыя вязьні, хто раней ужо быў пакараны штрафным ізалятарам, але, паводле адміністрацыі, «ня стаў на шлях выпраўленьня».

Дык чым розьняцца ўмовы ў карцары і ў штрафным ізалятары?

Пачну пералічаць. Можа, для мяне было галоўным — у ШЫЗА на ноч зусім не выдаюць матраца і коўдры, там сьпіш на голых дошках, пад галаву можаш пакласьці хіба што шлёпкі ці рулён туалетнай паперы. Нават няма плястыкавай бутэлькі з вадой, якой можна было замяніць падушку ў вязьніцы на Акрэсьціна.

Яшчэ ў ШЫЗА не выводзяць на прагулкі. Увогуле. Нават арыштантам, зьмешчаным у ПКТ, дазволеная гадзінная прагулка, але ня тым, каго пакаралі штрафным ізалятарам. Тое самае зь лістамі — іх не прыносяць. Кнігі, газэты таксама пад забаронай. Нават радыё, якое ледзь-ледзь грае недзе ў канцы калідора, у камэры ШЫЗА не працуе. Карацей, поўная ізаляцыя, якую немагчыма не параўнаць з катаваньнем. Чалавек, якога на шмат дзён зьмяшчаюць у ШЫЗА, рызыкуе тым, што проста можа звар’яцець, ня кажучы ўжо пра непазьбежныя ўдары па здароўі ад холаду, недасыпаньня, бытавых праблем.

Умовы побыту ў ШЫЗА і ў карцары сьледчага ізалятара амаль аднолькавыя. Такія ж звышспартанскія. Ложкі не стаяць на падлозе, а прычапляюцца ўдзень да сьцяны, як у цягніку, і адкладаюцца толькі на ноч. Вопратка, у якую прымушаюць пераапрануцца вязьняў, пакараных карцарам ці ШЫЗА, таксама фактычна аднолькавая: чорныя штаны, куртка без каўняра, шлёпанцы на нагах. Толькі ўзімку дазваляюць паддзяваць пад куртку майку з даўгімі рукавамі, а ў іншы час толькі з кароткімі, нават у міжсэзоньне, калі на вуліцы па начах ужо мінус, але батарэі яшчэ халодныя. Вынікае, што ўсё робіцца дзеля таго, каб пакаранаму было ў камэры максымальна няўтульна і холадна.

З асабістых рэчаў арыштанту ў штрафным ізалятары і вязьню ў карцары таксама дазволена адно і тое ж: ручнік, кавалак мыла, рулёнчык туалетнай паперы, зубная шчотка, зубная паста. Але ў ШЫЗА магілёўскай калёніі зубную пасту ў цюбіку праносіць не дазваляюць, толькі калі выцісьнеш крыху ў поліэтыленавы пакуначак. А станка галіцца не даюць ні ў якім разе. «Паголісься, як выйдзеш», — пачуў я ў другі дзень сваёй адседкі ў ШЫЗА.

Ужо казаў, што ў ШЫЗА чытаць не дазваляюць нічога, хоць могуць прынесьці на азнаямленьне якую паперу з суду ці пракуратуры. Пакажуць, дадуць расьпісацца і забяруць. Ведаю, што такія ж абмежаваньні дзейнічаюць і ў карцарах сьледчых ізалятараў. На час азнаямленьня з судовымі дакумэнтамі мне выдавалі мае акуляры, якія трымалі на адмысловай палічцы ў калідоры. І тое — толькі з дазволу лекара, і каб не з шклянымі лінзамі, а з плястыкавымі.

Мінімальнае абсталяваньне камэр — таксама агульнае паміж ШЫЗА і карцарам: жалезная палічка на некалькі ячэек, кароткі столік і вузкая лаўка пры ім. Вось і ўся мэбля. Прычым ножкі стала і лаўкі абавязкова прымацаваныя да падлогі. А лаўка завышаная, прыдатная толькі для людзей вельмі высокіх. Калі ж чалавек сярэдняга ці малога росту, а такіх большасьць, дык ім на такой лаўцы доўга ўседзець немагчыма. Мяркую, так робяць наўмысна, каб пакараныя ШЫЗА і карцарам былі вымушаныя амаль увесь час праводзіць на нагах.

Дарэчы, сесьці ці легчы на падлогу лепш не спрабаваць. Дзяжурны па калідоры рэгулярна глядзіць у «вочка», і за гэтае парушэньне пагражае напісаньнем рапарту. Акрамя таго, за вязьнем няспынна сочыць відэакамэра.

«Тут відэазапісы захоўваюцца сама меней тыдзень», — расказаў мне асуджаны Марат, калі нам давялося апынуцца ў адной камэры падчас майго другога дзесяцідзённага тэрміну. Сукамэрнік раней ужо сядзеў і ў ШЫЗА, і ў ПКТ, меў багаты досьвед. Хлопец казаў, што відэазапісы часта праглядае начальнік калёніі, і калі ўбачыць, што арыштант сядзіць ці ляжыць на падлозе, яшчэ колькі сутак такому парушальніку рэжыму забясьпечаныя.

Марат падзяліўся зэкаўскім сакрэтам. Аказваецца, ёсьць у камэры зона, недасяжная для відэа, якое ўсталяванае над вакном. Гэта вузкая палоска падлогі ўздоўж тарцавой сьцяны камэры, каля батарэі. Вось там, хоць і ў нязручнай позе, можна хоць нейкі час паляжаць. Але ўвесь час трэба прыслухоўвацца, каб не прапусьціць набліжэньне прадольнага. Некаторыя кантралёры могуць падабрацца да камэры «на цырлах», каб засекчы парушэньне. Тады не крыўдуй.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

XS
SM
MD
LG