Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International зарэгістравала найбольшую колькасьць сьмяротных выракаў у сьвеце з 2017 году. А як у Беларусі?


Артыкул у газэце «Народная воля» да Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня 2016 году
Артыкул у газэце «Народная воля» да Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня 2016 году

У Беларусі ў 2022-м, паводле зьвестак міжнароднай праваабарончай арганізацыі, ня вынесьлі ніводнага сьмяротнага прысуду. Сытуацыю пракамэнтаваў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».

Зарэгістраваная колькасьць сьмяротных пакараньняў летась дасягнула самага высокага паказчыка за пяць гадоў, паведаміла 16 траўня Amnesty International, публікуючы свой штогадовы агляд сьмяротнага пакараньня.

Толькі ў Саудаўскай Арабіі за дзень пакаралі сьмерцю 81 чалавека.

Вядома, што ў 20 краінах сьмяротныя прысуды выканалі ў дачыненьні 883 чалавек, што на 53% больш, чым у 2021 годзе. На Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы зарэгістраваныя лічбы вырасьлі за год з 520 да 825.

Прымяненьне сьмяротнага пакараньня па-ранейшаму ахутана таямніцай у некалькіх дзяржавах, уключаючы Кітай, Паўночную Карэю і Віетнам — краіны, якія, як вядома, шырока прымяняюць сьмяротную кару, а гэта азначае, што сапраўдны глябальны паказчык нашмат вышэйшы, адзначаюць праваабаронцы. Хоць дакладная колькасьць пакараных сьмерцю ў Кітаі невядомая, краіна застаецца ў лідэрах у вынясеньні сьмяротнага прысуду, апярэджваючы Іран, Саудаўскую Арабію, Эгіпет і ЗША.

А як у Беларусі

Не зарэгістравалі новых сьмяротных прысудаў у 2022 годзе ў Беларусі, Камэруне, Японіі, Малаві, Марока/Заходняй Сахары, Амане, Сьера-Леонэ, Угандзе і Зымбабвэ.

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», заявіў Свабодзе, што «за 2022 год мы сапраўды не зафіксавалі фактаў вынясеньня новых сьмяротных прысудаў, але мы ня можам сьцьвярджаць, што іх не было».

«Мы стараемся пераправяраць, наколькі гэта магчыма, таму што гэтая інфармацыя прыхаваная, яна застаецца пад заслонай сакрэтнасьці, і цяпер, пасьля падзей 2020 году, стала яшчэ меней магчымасьці атрымліваць інфармацыю пра гэта.

Але мы зафіксавалі ў рамках нашай кампаніі выкананьне аднаго сьмяротнага прысуду, Віктару Скрундзіку, летам мінулага году, улады пра гэта не паведамлялі, была толькі ўскосная інфармацыя».

Андрэй Палуда. Архіўнае фота
Андрэй Палуда. Архіўнае фота

У параўнаньні з папярэднімі гадамі ў 2022-м у Беларусі сытуацыя памянялася дастаткова моцна, кажа праваабаронца Андрэй Палуда, яна зьмянілася на заканадаўчым ўзроўні:

«Зьявіліся суб’екты, новае кола асоб, адносна якіх можа быць вынесены сьмяротны вырак, цяпер гэта і людзі з вайсковым стасусам, чыноўнікі, юрыдычна пашырылася гэтае кола.

Да таго ж цяпер законам прадугледжана вынясеньне сьмяротных прысудаў нават не за зьдзяйсьненьне нейкіх злачынстваў, а за падрыхтоўку, калі не нанесена шкоды грамадзтву».

Паводле Палуды, наяўнасьць сьмяротнага пакараньнгя — гэта ўжо індыкатар стану з правамі чалавека ў краіне:

«Не выпадкова гэтая тэма была на парадку дня перамоваў заходніх інстытутаў з уладамі Беларусі, гэта як бы лякмусавая паперка, і мы бачым, што пагаршаецца сытуацыя з катаваньнямі, умовы ўтрыманьня ў турмах, і паграшаецца сытуацыя вакол сьмяротнага пакараньня на заканадаўчым узроўні, а можа пагоршыцца і на практычным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG