Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абмежавалі выезд з краіны «палітычным», высокім чыноўнікам і сілавікам


Каля беларускай мяжы. Архіўнае фота
Каля беларускай мяжы. Архіўнае фота

У Беларусі зьмянілі закон аб парадку выезду з краіны і ўезду ў краіну.

У закон унесьлі папраўкі, якія апублікавалі 16 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумэнт атрымаў статус закону.

Zerkalo патлумачыла, каму абмежавалі выезд за мяжу.

Забарона для «палітычных адміністрацыйнікаў» і з дазволу КДБ

КДБ зможа абмежаваць выезд ня толькі тым, хто знаходзіцца на прафіляктычным уліку ў органах дзяржаўнай бясьпекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Забарона можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю, не паведамляецца.

Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненьні да якіх вядзецца працэс за ўчыненьне адміністрацыйных правапарушэньняў супраць парадку кіраваньня, — у мэтах забесьпячэньня выкананьня пастановы судзьдзі аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу».

Раней абвінавачаных зь Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, каму ўжо прысудзілі штраф, а ён не аплаціў. Цяпер жа выезд будзе забаронены і тым, супраць каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэньне суду не прынятае.

У «правапарушэньні супраць парадку кіравання» ўваходзяць такія артыкулы КаАП:

  • «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў»,
  • «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і іншыя.

Забарона для сілавікоў

Высокія чыноўнікі змогуць выехаць за мяжу толькі пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод тых, каго тычыцца новаўвядзенні:

  • старшыні абласных і Менскага гарадзкога выканаўчых камітэтаў;
  • начальнік Службы бясьпекі;
  • начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру;
  • старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі,
  • міністар унутраных спраў;
  • міністар замежных спраў;
  • міністар абароны;
  • міністар у надзвычайных сытуацыях;
  • старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту;
  • старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту;
  • старшыня Сьледчага камітэту;
  • старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз;
  • начальнік Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.

Выезд зь Беларусі «кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і работнікаў, якія ажыцьцяўляюць забесьпячэньне дзейнасьці і тэхнічнае абслугоўваньне дзяржаўных органаў, якім дадзены допуск да дзяржаўных сакрэтаў», будзе вызначацца ўрадам.

У законе пазначана, што выезд за мяжу сілавікоў будзе «вызначацца лякальным прававым актам» адпаведных ведамстваў. Пэўна, у іх будзе замацаваная норма «па ўзгадненьні з кіраўніцтвам». Гэта будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб цывільнага пэрсаналу вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:

  • Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь;
  • органаў памежнай службы;
  • унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў;
  • органаў дзяржаўнай бясьпекі;
  • транспартных войскаў;
  • Службы бясьпекі;
  • Апэратыўна-аналітычнага цэнтру;
  • органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю;
  • Сьледчага камітэту;
  • Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз;
  • органаў унутраных спраў;
  • органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях;
  • Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету;
  • Дзяржаўнай фэльд’егерскай службы пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

У законе таксама адзначана, што ім можа быць адмоўлена ў выезьдзе з краіны «ў мэтах забесьпячэньня інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі да спыненьня абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду».

Акрамя таго, у выпадку наяўнасьці ў гэтай катэгорыі асоб біямэтрычнага пашпарта на час службы яны абавязаны перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.

Калі ўводзяцца гэтыя забароны?

Забарона для «палітычных адміністрацыйнікаў» — праз шэсьць месяцаў пасьля афіцыйнага апублікаваньня гэтага закону.

Іншыя палажэньні — пасьля афіцыйнага апублікаваньня закону.

Законапраект паступіў у Нацыянальны сход летам мінулага года. Дакумэнт быў прыняты ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў у кастрычніку 2022 года, а ў другім чытаньні — у красавіку сёлета. Пры гэтым у яго ўносілі праўкі: напрыклад, у сьпіс тых сілавікоў, каму могуць адмовіць у выезьдзе за мяжу, унесьлі егераў.
Законапраект ухвалілі ў Савеце Рэспублікі, а пасьля яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG