Пра гэта паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Бабарыкі. Таксама аднаму з валянтэраў, які зьвярнуўся ў СІЗА на Валадарскага, «паведамілі, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў шпіталі «ў Калядзічах».
У Калядзічах пад Менскам ужо 10 год будуюць СІЗА са шпіталём на замену «Валадарцы», так што мова можа ісьці пра турэмны шпіталь.
Напярэдадні @MAYDAYMog са спасылкай на інфармацыю ад былога вязьня, які адбываў тэрмін у ПК-1 у Наваполацку, паведаміў, што Бабарыка больш не прыпісаны да атраду, у якім знаходзіўся да шпіталізацыі.
Мужчына пацьвердзіў валянтэрам, што Бабарыка ў апошні час знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу. Таксама экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты сутыкаўся зь «вялікім прэсінгам» з боку супрацоўнікаў калёніі.
Два тыдні тыдні стала вядома, што Віктар Бабарыка быў шпіталізаваны ў лякарню ў ноч з 24 на 25 красавіка, і далейшае месцазнаходжаньне палітвязьня невядомае.
11 траўня ў Эўрапарлямэнце прынялі рэзалюцыю аб Беларусі: «Бесчалавечнае абыходжаньне і шпіталізацыя вядомага апазыцыянэра Віктара Бабарыкі». «Парлямэнт заклікае ўлады Беларусі спыніць жорсткае абыходжаньне з былым кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам і іншымі палітычнымі зьняволенымі і неадкладна і безумоўна вызваліць іх», – гаворыцца ў рэзалюцыі.