Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар юстыцыі Расеі прапанаваў прымусова лячыць трансгендэрных людзей

Міністр юстыцыі Расеі Канстанцін Чуйчанка. Архіўнае фота.
Міністр юстыцыі Расеі Канстанцін Чуйчанка. Архіўнае фота.

З 2022 году ў Расеі забаронена распаўсюджваньне любой неасуджальнай інфармацыі пра гомасэксуальнасьць, бісэксуальнасьць і трансгендэрнасьць. 

Міністар юстыцыі Расеі Канстанцін Чуйчанка на Пецярбурскім міжнародным юрыдычным форуме заявіў, што трансгендэрных людзей неабходна накіроўваць на прымусовае лячэньне. Ён таксама сказаў, што прынята рашэньне забараніць магчымасьць зьмены маркера «пол» у пашпарце і іншых дакумэнтах расейцаў. Трансьляцыя паседжаньня вялася на сайце форуму.

Чуйчанка адзначыў, што да трансгендэрных людзей могуць быць два падыходы: зусім забараніць ім зьмяняць у пашпарце пол на той, да якога яны сябе адносяць, або дазволіць зьмяняць пол толькі пасьля праведзеных хірургічных апэрацый. Паводле слоў міністра, цяпер вырашаецца, які падыход прымяніць. Аднак сам ён прыхільнік першага варыянту:

«Мы можам займацца гэтымі людзьмі шляхам псыхіятрычнага, псыхалягічнага аказаньня дапамогі, — сказаў Чуйчанка. — Мая думка, думка Мін'юста, у тым, што іх лячыць трэба ў той бок, у які вызначыла прырода».

Як адзначае «Медыязона», раней на гэтую тэму выказаўся кіраўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Бастрыкін:

«Тое, што Эўропа ім дае льготы, гэта праблема Эўропы. Зьмена полу на паперы — гэта падман, махлярства. Калі гэта махлярства, гэты падман парушае інтарэсы дзяржавы, нашу абароназдольнасьць», — сказаў Бастрыкін.

  • Праект паправак у заканадаўства, якія выключаюць магчымасьць зьмены гендэрнага маркера ў пашпарце, зьбіраюцца прадставіць у Дзярждуме 15 траўня.
  • Са сьнежня 2022 году ў Расеі забаронена распаўсюджваньне любой неасуджальнай інфармацыі пра гомасэксуальнасьць, бісэксуальнасьць і трансгендэрнасьць.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG