Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка запатрабаваў не запрашаць Лукашэнку на саміт аб Мэтах устойлівага разьвіцьця ў Нью-Ёрку


Павал Латушка. Архіўнае фота
Павал Латушка. Архіўнае фота

Прадстаўніца ААН паведаміла, што Антонію Гутэрыш плянуе запрасіць Лукашэнку на саміт у верасьні 2023 году.

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка заклікаў рэгіянальнага дырэктара ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі Офісу ААН у пытаньнях каардынацыі разьвіцьця Гві Ёп Сон адклікаць запрашэньне Аляксандру Лукашэнку для ўдзелу ў саміце аб Мэтах устойлівага разьвіцьця (МУР), які адбудзецца ў верасьні ў Нью-Ёрку.

«5 тысяч палітвязьняў у Беларусі і паўмільёна вымушаных перасяленцаў зь Беларусі... Іх недастаткова? Як беларус я патрабую адмовіцца ад вашай заявы аб тым, што ААН мае намер запрасіць Лукашэнку, які ўзурпаваў уладу ў Беларусі», — напісаў палітык у Twitter.

Паводле яго, Лукашэнка «зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы, незаконна перадаючы ўкраінскіх дзяцей Расеі».

11 траўня беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі аб сустрэчы ў Менску Гві Ёп Сон з намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі Валерыем Бельскім. Яна адзначыла, што генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш плянуе запрасіць Лукашэнку на саміт МУР.

На думку функцыянэра ААН, досьвед Беларусі — «прыклад для іншых краін Эўропы»:

«Лічу, гэты досьвед можна выкарыстоўваць у якасьці перадавога сярод іншых краін Эўропы».

Гві Ёп Сон паведаміла, што ў лісьце-запрашэньні на імя Лукашэнкі «названы дзьве просьбы з боку генэральнага сакратара ААН»:

«Па-першае, просьба аб тым, каб дзяржавы — сябры ААН рабілі ўсё неабходнае для паскарэньня дасягненьняў Мэт устойлівага разьвіцьця. Другое, каб гэтая праца праводзілася з удзелам усіх бакоў: прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, прыватнага сэктару і ўраду».

Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў генсеку ААН за запрашэньне на саміт, запэўніўшы, што Беларусь возьме ў ім удзел, паведамілі ў прэс-службе.

11 ліпеня 2022 году дэлегацыя офісу дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай прадстаўляла дыпляматычнаму корпусу пры ААН у Нью-Ёрку альтэрнатыўную справаздачу аб рэалізацыі МУР у Беларусі.

У справаздачы было ўказана, што «асноўная прычына, якая стрымлівае разьвіцьцё Беларусі, — сыстэматычнае і беспрэцэдэнтнае парушэньне правоў чалавека, пры якім немагчыма дасягненьне МУР».

Падрыхтоўка дакладу, на думку прадстаўнікоў палітыка, патрэбная для таго, каб «ня даць рэжыму магчымасьці спасылацца на тое, што ён выконвае міжнародныя абавязаньні для спробы пазьбегнуць адказнасьці за парушэньні правоў чалавека», а таксама «каб перашкодзіць атрымаць фінансаваньне, якое пойдзе на ўмацаваньне дыктатуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG