Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Мікалая Клімовіча пахаваюць 12 траўня


Мікалай Клімовіч, архіўнае фота
Мікалай Клімовіч, архіўнае фота

Палітвязьня зь Пінску Мікалая Клімовіча, які памёр у віцебскай калёніі, пахаваюць 12 траўня на пінскіх могілках.

Цела Мікалая Клімовіча прывязуць у Пінск зь Віцебску 11 траўня, паведамляе тэлеграм-канал «Позірк» са спасылкай на ўласную крыніцу. На наступны дзень заплянаванае разьвітаньне з палітвязьнем каля ягонага дома, а 14-й гадзіне — пахаваньне на могілках «Таргошыцы».

Пра сьмерць 61-гадовага Мікалая Клімовіча праваабаронцам стала вядома 7 траўня. Незадоўга перад гэтым яго этапавалі ў калёнію «Віцьба-3».

У Мікалая Клімовіча была інваліднасьць у сувязі з хваробай сэрца, ён перанёс інсульт і складаную апэрацыю на сэрцы. У лютым 2023 году пінскі судзьдзя Андрэй Бычыла вырашыў, што Мікалай Клімовіч вінаваты ў «абразе Лукашэнкі» і пакараў яго годам зьняволеньня — за смайлік у «Аднаклясьніках» пад карыкатурай Лукашэнкі.

Беларуская праваабарончая супольнасьць 10 траўня выступіла з патрабаваньнем расьсьледаваньня па факце сьмерці Мікалая Клімовіча і адсутнасьці належнай мэдычнай дапамогі ў калёніях.

Перад судом Мікалай Клімовіч сказаў журналістам, што ня вытрымае зьняволеньня. «Любое турэмнае зьняволеньне для мяне — гэта сьмерць, таму што я павінен быць пад сталым наглядам лекара, прымаць вялікую колькасьць моцных лекаў. Я магу ня вытрымаць нават месяца», — казаў Мікалай Клімовіч.

За кратамі жыхар Пінску вытрымаў каля двух месяцаў.

Гэта ня першая сьмерць палітвязьня ў калёніі. 21 траўня 2021 году пры нявысьветленых абставінах у калёніі ў Шклове загінуў Вітольд Ашурак. Па рашэньні суду ў Лідзе ён атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля выбараў у жніўні 2020 году. У сьмерці Вітольда Ашурка ўлада не знайшла вінаватых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG