Судзьдзя Маскоўскага суду Берасьця Іна Клышпач пакарала 37-гадовага ІТ-спэцыяліста Аляксандра Заноўскага пазбаўленьнем волі на адзін год і шэсьць месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму за два камэнтары ў адным з тэлеграм-каналаў.
Як паведаміла праваабарончая арганізацыя «Вясна», суд адбыўся 26 красавіка. Абвінавачаньне прадстаўляў Фёдар Ляшок.
Аляксандра Заноўскага абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу.
Першае паведамленьне было напісана 24 лютага 2022 года пад навіной, што з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну заходзілі расейскія войскі.
Паведамленьне гучала так : «Таракан пуцінскім шнырам стаў ужо)))».
Другое паведамленьне, якім (па вэрсіі абвінавачваньня) Заноўскі публічна абразіў Лукашэнку, таксама было напісана пад навіной тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу». Камэнтар быў апублікаваны 7 красавіка 2022 году (калі Ўкраіна і Расея вялі перамовы аб замірэньні) пад навіной з цытатай Лукашэнкі аб тым, што «ня можа быць перамоваў без удзелу Беларусі». Заноўскі, паводле абвінавачаньня, напісаў пад гэтым паведамленьнем: «Ды ён ужо не вырашае нічога. Шаўка пуцінская».
Аляксандра Заноўскага ўзялі пад варту 10 сакавіка 2023 году.