Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выхад УСУ да Азоўскага мора рэзка зьменіць усю стратэгічную сытуацыю на фронце, — ізраільскі вайсковы экспэрт Гендэльман


Давід Гендэльман, ізраільскі вайсковы экспэрт, каляж
Давід Гендэльман, ізраільскі вайсковы экспэрт, каляж

Якіх рубяжоў можа дасягнуць меркаваны ўкраінскі наступ? Зьмяншэньне колькасьці расейскіх войскаў у Беларусі, якое назіраецца апошнім часам, — гэта вынік ратацыі альбо новая палітыка Масквы? Ці магчыма, што ўдар зь Беларусі па Ўкраіне зноў стане актуальным для Крамля? Меркаваныя ўдары ўкраінскіх войскаў па Крыме і тэрыторыі Расеі — якія перавагі і хібы такой стратэгіі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ізраільскі вайсковы экспэрт Давід Гендэльман.

— Зараз усе чакаюць украінскага наступу. Якая расстаноўка сілаў напярэдадні яго? У чым перавагі і недахопы аднаго і другога бакоў?

— Паводле ацэнак экспэртаў, Расея цяпер мае на фронце да 400 тысячаў чалавек асабовага складу, уключна з рэзэрвам, 1800 танкаў, больш за 4 тысячы баявых браняваных машын.

Паколькі Ўкраіна дзейнічае на сваёй тэрыторыі, няясна, якая частка Ўзброеных сілаў Украіны знаходзіцца на фронце. Лічыцца, што ў складзе УСУ — каля 800 тысячаў; з улікам нацгвардыі, паліцыі, памежнікаў — гэта 1 мільён 200 тысячаў.

Але пытаньне: колькі будзе задзейнічана ў наступе. Розныя экспэрты называюць розныя лічбы — ад 50 да 200 тысячаў.

Цяжка ацаніць колькасьць танкаў, якія мае Ўкраіна. Былі заходнія пастаўкі, але невядома, колькі боегатовых танкаў з тых, якія былі ва Ўкраіны раней.

Ужо прыкладна паўгода Ўкраіна рыхтуе новыя брыгады і корпусы.

— Ці зьявілася перад украінскім наступам у аднаго з бакоў (ці ў абодвух) нейкая «зброя-цуд», якая можа памяняць хаду баявых дзеяньняў? У свой час зьяўленьне ў УСУ HIMARS істотна паўплывала на сытуацыю на полі бою. Цяпер нешта такое новае ў каго-небудзь ёсьць?

— Стоадсоткавай «зброі-цуду» не існуе. Свой эфэкт HIMARS мелі, часткова яны дагэтуль дастаткова эфэктыўныя, хоць расейцы перашкаджаюць працы гэтых комплексаў, ствараючы перашкоды працы GPS.

Мы бачым, што ў апошніх ударах УСУ па Крыме ўжываюцца ня толькі бесьпілётнікі, але і ўкраінскія апэратыўна-тактычныя ракеты «Гром-2». Афіцыйна яны яшчэ ў стадыі распрацоўкі, але фактычна іх ужо ўжываюць. І тут пытаньне: у якой колькасьці яны назапашаныя. Далёкасьць гэтых ракетаў — некалькі сотняў кілямэтраў.

Мы таксама бачым павелічэньне інтэнсіўнасьці ўкраінскіх удараў бесьпілётнікамі. Паводле расейскіх паведамленьняў, у Крыме 7 траўня былі ўдары 20 дронамі. І гэта пры тым, што наступ яшчэ не пачаўся.

Калі ён пачнецца, нельга выключаць, што будзе адначасовы ўдар некалькімі сотнямі дронаў. Гэта не прывядзе да імгненнай паразы Расеі, але на канкрэтным апэратыўным кірунку мы можам убачыць нешта нечаканае.

Хаця са свайго боку расейцы таксама атрымліваюць выведныя дадзеныя, умацоўваюць сваю абарону.

— А калі пачнецца гэты наступ?

— Украінскае камандаваньне не дакладвае ані калі, ані дзе ён пачнецца. Ёсьць прыкметы таго, што пачнецца хутка. Украінскія сілы СПА перасоўваюцца бліжэй да лініі фронту, туды ж перакідаюцца ня толькі ізноў сфармаваныя брыгады, але і склады боепрыпасаў. Пачасьціліся расейскія ракетна-авіяцыйныя ўдары ў прыфрантавой зоне. Гэта таксама можа быць зьвязана са спробай калі не спыніць украінскі наступ, то прынамсі зламаць пляны ўкраінскіх штабістаў.

— Днямі зьявіўся артыкул у Washington Post, дзе прыводзяцца словы міністра абароны Ўкраіны Аляксея Рэзьнікава: не ўскладайце залішніх надзеяў на гэты наступ. На палітычным узроўні гаворыцца, што мэта Ўкраіны ў вайне — вяртаньне да межаў 1991 году. Часам гаворыцца і пра разгром Расеі як мэту. І разам з тым — такая асьцярожнасьць, як у заяве Рэзьнікава. Якія дасягальныя рубяжы будучага наступу?

УСУ вызваліць Мелітопаль, Марыюпаль? УСУ выйдзе на бераг Азоўскага мора, якое Пуцін абвясьціў «унутраным расейскім морам»? УСУ вызваліць Данецк, Луганск, Сімферопаль? Якія імавернасьці розных сцэнараў?

— Асьцярожныя заявы міністра Рэзьнікава ня супярэчаць устаноўцы на перамогу. Проста ад гэтага наступу ня варта чакаць, што гэта будзе «апошні і рашучы бой», які скончыцца перамогай Украіны.

Падчас наступу магчымы перанос кірунку галоўнага ўдару. Гэта мы бачылі летась, калі наступ пачаўся на херсонскім кірунку, а потым асноўным стаў харкаўскі.

З пункту гледжаньня ваеннай тэорыі, магчыма, варта рабіць стаўку ня столькі на выхад на нейкія рубяжы, колькі на разгром расейскіх войскаў. Калі асноўны кірунак наступу будзе на Азоўскае мора з расьсячэньнем сухапутнага калідора ў Крым, тады гэты наступ можна будзе лічыць пасьпяховым. Гэта рэзка зьменіць усю стратэгічную сытуацыю на фронце. Становішча расейскіх войскаў у Крыме стане вельмі складаным. Але казаць, што гэта прывядзе да вяртаньня Ўкраінай Крыму, заўчасна.

У Расеі зрабілі высновы з харкаўскай апэрацыі УСУ. Правялі мабілізацыю, цяпер расейская групоўка там — удвая большая, чым была падчас харкаўскай апэрацыі.

Расейцы маглі зрабіць высновы з харкаўскай апэрацыі, магчыма, яны зараз будуць абараняцца больш умела. Але калі меркаваць толькі па суадносінах сілаў бакоў, то шанцы на посьпех украінскага наступу ёсьць.

— З кастрычніка няма ракетных абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі. Па зьвестках украінскіх вайскоўцаў, у Беларусі застаецца каля 3 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Некалькі месяцаў таму, паводле словаў Лукашэнкі, іх было 10 і нават 15 тысяч. Гэта вынік ратацыі, ці ёсьць нейкая іншая прычына?

— У апошнія месяцы роля Беларусі была — даваць палігоны для падрыхтоўкі расейскіх войскаў. Цяперашняе зьмяншэньне колькасьці расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, сапраўды, можа быць проста ратацыяй: адных навучылі і павезьлі на фронт, іншых хутка завязуць. Украінскі Генштаб ужо некалькі месяцаў паведамляе, што няма ніякіх прыкметаў фармаваньня наступальных груповак праціўніка на тэрыторыі Беларусі.

Тыя расейскія войскі, якія ёсьць у Беларусі, — гэта СПА і мабілізаваныя, якія праходзяць падрыхтоўку на палігонах. Але наяўнасьць нават невялікай расейскай групоўкі плюс беларуская армія вымушае ўкраінскі бок трымаць істотныя сілы на поўначы. Хоць значнага наступу з поўначы зараз быць ня можа, бо няма ўдарнай групоўкі. Але дробныя дывэрсійныя дзеяньні можна рабіць хоць кожны дзень.

Для Расеі карысьць ад беларускага пляцдарму — у тым, што ён адцягвае ўкраінскія сілы на поўнач. Не выглядае, што сытуацыя бліжэйшым часам кардынальна зьменіцца.

За апошнія месяцы мы ня бачылі маштабнага расейскага наступу нават там, дзе Расея сканцэнтравала ўдарныя групоўкі. Усё, што мы бачылі, гэта дробныя «прагрызаньні» ў раёне Бахмута і Аўдзееўкі. Каб наступаць зь Беларусі, трэба стварыць там ударную групоўку. Ня факт, што Расея гатовая вылучыць на гэта сілы.

Безумоўна, гэта адцягнула б дадатковыя ўкраінскія сілы на поўнач. Але гіпатэтычнае фармаваньне расейскай ударнай групоўкі ў Беларусі аслабіла б існы расейскі фронт ва Ўкраіне.

— Паводле дасьледчага цэнтру Global Firepower, які вымярае параўнальную вайсковую моц краін сьвету, Украіна за год паднялася з 22-га на 15-е месца. Расея засталася на 2-м. Ці можна ацэньваць такія падлікі як адэкватныя? Зь іншага боку, на якім месцы была армія афганскіх маджахедаў? А савецкая армія тады, пэўна ж, была на другім месцы ў сьвеце. Але хто тады выйграў вайну? Што азначаюць гэтыя месцы ў рэйтынгах наагул?

— Пры складаньні індэксаў Global Firepower улічваюцца як вайсковыя, гэтак і эканамічныя парамэтры. Таму зразумела, чаму Расея засталася на тым жа месцы. У яе былі страты вайсковай тэхнікі і ўзбраеньняў, але не настолькі значныя, каб зьмяніць месца ў рэйтынгу. Украіна мабілізавала шмат людзей, атрымала шмат тэхнікі і ўзбраеньняў ад Захаду. Гэта паўплывала на яе месца ў рэйтынгу.

Але вы справядліва заўважылі, што месцы ў рэйтынгу не вызначаюць наўпрост, хто пераможа ў збройным канфлікце.

— Наступнае пытаньне — пра атакі на Крым і на тэрыторыю Расеі: Крымскі мост, Сакі, Белгарадзкая вобласьць, Энгельс, Падмаскоўе, Крэмль. Украіна адмаўляе сваю датычнасьць, хоць і ня вельмі пераканаўча. Міхаіл Падаляк пракамэнтаваў атаку дронамі Крамля, перафразуючы цынічную фразу Пуціна пра Крым 2014 году — бесьпілётнікі можна купіць у любым ваенгандлі.

Начальнік генштабу Ўкраіны Валер Залужны летась увосень апублікаваў праграмны артыкул , у якім даў зразумець, што Ўкраіна будзе атакаваць расейскую тэрыторыю. А навошта? Шкода ад такіх удараў Расеі невялікая. Пры гэтым навідавоку непажаданыя наступствы. Гэта акцыі адплаты — удары па інфраструктуры Ўкраіны пасьля атакі на Крымскі мост, цяперашнія ўдары па Кіеве ў адказ на атаку Крамля. Да таго ж ёсьць рызыка, што атакі на Расею могуць выклікаць там хвалю грамадзкай мабілізацыі, маўляў, напалі на «русскую землю». Гэтых наступстваў у Кіеве ня ўлічваюць?

— Гэтыя фактары ўлічваюцца. Але Залужны ў прыгаданым артыкуле напісаў, што Расея вядзе вайну так, як яна яе вядзе, з прычыны беспакаранасьці. Ракетныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны яна наносіла б і без атак на тэрыторыю Расеі. Зараз расейцы тыя ці іншыя свае ўдары называюць ударамі адплаты. Але паколькі гэтую вайну пачала Расея, то называць гэта ўдарамі адплаты — проста прапаганда.

Наносіць удары па праціўніку на тактычным, апэратыўным, а ёсьць магчымасьць — і на стратэгічным узроўні, — гэта азбука ваеннай навукі. Калі ёсьць магчымасьць гэта рабіць, гэта трэба рабіць. Расейская сыстэма СПА проста няздольная прыкрыць усю велізарную тэрыторыю РФ. Устаноўка «Панцыраў» на будынках у Маскве, як бачым, ня вельмі дапамагла супраць дронаў.

Праціўнік наносіць удары на ўсю глыбіню ўкраінскага тылу. Украіна ня мае магчымасьці атакаваць усю расейскую тэрыторыю да Ўладзівастоку. Але дзе магчымасьці ёсьць, з ваеннага пункту гледжаньня іх варта выкарыстоўваць.

Што да магчымасьці народнага пад’ёму ў Расеі ў адказ на такія атакі — ня факт, што грамадзкая рэакцыя будзе менавіта такой. Расея і так робіць супраць Украіны ўсё, што можа. І наўрад ці гэта прывядзе да матывацыі — ну, вось зараз мы пачнём ваяваць па-сапраўднаму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG