Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на парадзе ў Маскве быў зь перабінтаванай рукой, адмовіўся ісьці пешшу, на сьняданак не пайшоў. ФОТА


Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2023
Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2023

Аляксандар Лукашэнка 9 траўня прыйшоў на Красную плошчу ў расейскай сталіцы, хаця ягоны візыт у Расею не анансавалі і пра яго стала вядома толькі ўвечары напярэдадні.

Пакуль прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступаў з трыбуны на Краснай плошчы, гаварыў пра подзьвіг Савецкага Саюзу і пра гонар за расейскіх вайскоўцаў, якія сёньня ваююць супраць Украіны, Аляксандар Лукашэнка сядзеў на трыбуне паміж прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам і прэзыдэнтам Казахстанам Касымам-Жамартам Такаевым.

Аляксандар Лукашэнка на Краснай плошчы Масквы. 9 траўня 2023
Аляксандар Лукашэнка на Краснай плошчы Масквы. 9 траўня 2023

Ягоны выгляд, як адзначылі палітычныя аналітыкі, быў надзвычай сумным. У кулюарах сталі гаварыць, што Лукашэнка прыляцеў у Маскву хворым, пра хваробу сьведчыў ягоны сіплы голас у час апошніх публічных выступаў.

Пасьля завяршэньня скарочанай часткі вайсковага параду на Краснай плошчы кіраўнікі краін адправіліся ў Аляксандраўскі сад, дзе знаходзіцца магіла Невядомага салдата. Да саду адтуль 850 мэтраў, да магілы яшчэ меней, аднак прэс-служба Крамля прадэманстравала відэа, на якім Лукашэнка просіць Пуціна не ісьці разам з усімі ў сад, а адправіцца туды на машыне.

Пры гэтым толькі прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон начапіў на парад «георгіеўскую» стужку. Прэзыдэнты Ўзбэкістану і Кіргізстану надзелі разэткі ў нацыянальных колерах, а Лукашэнка — чырвона-зялёную зь яблыневым цьветам, які некалькі гадоў таму зрабіў сымбалем 9 траўня ў Беларусі.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Масква, 9 траўня 2023
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Масква, 9 траўня 2023

Як сьведчаць кадры дзяржаўнай расейскай прэсы, у Лукашэнкі была перабінтаваная правая рука. Прычына невядомая, як і падрабязнасьці пра стан ягонага здароўя.

Перад ускладаньнем кветак
Перад ускладаньнем кветак

Лукашэнка далучыўся да іншых палітыкаў ужо ў Аляксандраўскім садзе. На сьняданку, які зладзіў Уладзімір Пуцін, Лукашэнкі бачна не было.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў, прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон і прэзыдэнт Узбэкістана Шаўкат Мірзіёеў на працоўным сьняданку лідэраў СНД у Маскве, 9 траўня 2023
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў, прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон і прэзыдэнт Узбэкістана Шаўкат Мірзіёеў на працоўным сьняданку лідэраў СНД у Маскве, 9 траўня 2023

У Менску на 19:00 перанесьлі ўскладаньне кветак да манумэнту на плошчы Перамогі, у ім звычайна бярэ ўдзел Аляксандар Лукашэнка з сынамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG