Расейскі прапагандыст і пісьменьнік Захар Прылепін апублікаваў у сваім тэлеграм-канале першы пост пасьля ўчыненага на яго 6 траўня замаху.
«Мне толькі што далі тэлефон», — напісаў ён. Прылепін цяпер знаходзіцца ў абласной клінічнай лякарні Ніжняга Ноўгарада. Раней лекары вывелі прапагандыста з комы.
Па словах Прылепіна, у момант выбуху 6 траўня ў Ніжагародзкай вобласьці Расеі ён сам знаходзіўся за рулём аўтамабіля, а не яго загінулы целаахоўнік Аляксандар Шубін, як паведамлялі СМІ.
«Я страціў прытомнасьць хвіліны на тры, ачуўся і падпоўз да выбітага лабавога шкла. Сяляне, якія прыбеглі, дапамаглі мне выбрацца. У мяне зламаныя абедзве нагі (адзін пералом адкрыты) і яшчэ там нешта... Суседка зрабіла мне абязбольвальны», — напісаў Прылепін..
Прылепін таксама пацьвердзіў, што высадзіў сваю дачку з машыны за пяць хвілін да здарэньня, і тое, што прычынай выбуху стала супрацьтанкавая міна, закапаная ў зямлю на шляху руху аўтамабіля.
«Мне паведамілі, што міны былі дзьве. Але гэты тып спалохаўся і адразу ўцёк пасьля выбуху першай. Калі б узарваў другую, загінулі б усе. Яго злавілі», — дадаў ён.
Раней МУС Расеі апублікавала відэа з супрацоўнікамі паліцыі Ніжагародзкай вобласьці, якія нібыта злавілі падазраванага ў падрыве машыны Захара Прылепіна. «У кашальку ў яго было два пашпарты — адзін Украіны, а другі расейскі. Мы сталі тзь ім размаўляць, размаўляць, і ён усё ж такі прызнаўся», — расказаў адзін з паліцыянтаў.
Раніцай 6 траўня стала вядома, што ў Ніжагародскай вобласці ўзарвалі аўтамабіль, у якім знаходзіўся Захар Прылепін. Яго ў цяжкім стане шпіталізавалі ў ніжагародзкі шпіталь, ягоны ахоўнік Аляксандар Шубін загінуў. На наступны дзень лекары вывелі Прылепіна з мэдыкамэнтознага сну.
МЗС Расеі абвінаваціў СБУ ў арганізацыі замаху на Прылепіна. Украінскі бок сваё магчымае дачыненьне да выбуху прадметна не камэнтаваў. Адказнасьць узяў на сябе рух украінцаў і крымскіх татараў «Атэш».
Захар Прылепін — вядомы расейскі пісьменьнік, адзін зь лідэраў партыі «Справядлівая Расея — за праўду» (быў у 2021 годзе выбраны ў Дзярждуму, але адмовіўся ад мандату). З 2014 году займае рэзка антыўкраінскую пазыцыю, нейкі час ваяваў на баку сэпаратыстаў «ДНР». Увосень мінулага гады паведамлялася, што ён ізноў адправіўся на вайну ва Ўкраіну ў складзе Расгвардыі.