Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Расеі: затрымалі падазранага ў выбуху машыны Прылепіна

абноўлена

Захар Прылепін, архіўнае фота
Захар Прылепін, архіўнае фота

У Ніжагародзкай вобласьці Расеі «па гарачых сьлядах» затрымалі мужчыну, які можа быць датычны да выбуху аўтамабіля, ў якім быў расейскі пісьменьнік, прапагандыст і «палявы камандзір» Захар Прылепіў, заявіла прадстаўніца Міністэрства ўнутраных спраў Расеі Ірына Воўк.

Пазьней агенцтва ТАСС паведаміла, што затрыманы 1993 году нараджэньня і ўжо судзімы. У сваім Тэлеграм-канале ТАСС са спасылкай на расейских сілавікоў называе затрыманага ўраджэнцам Украіны. А Сьледчы камітэт Расеі заявіў, што затрыманы працаваў на Службу бясьпекі Ўкраіны.

Раней сёньня ў Ніжнім Ноўгарадзе ўзарваўся аўтамабіль Audi Q7, у якім знаходзіўся Прылепін.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку выбуху машыны загінуў кіроўца пісьменніка па мянушцы «Злы», сам Прылепін паранены, яму надаюць мэдыцынскую дапамогу. Паводле крыніцы РІА «Новости» ў сілавых структурах, Прылепін атрымаў пераломы і страсеньне мозгу. Пры гэтым прэс-служба Прылепіна заявіла, што зь пісьменьнікам «усё ў парадку».

Расейскае выданьне «Верстка» піша, што пазыўны «Злы» насіў 27-гадовы ўраджэнец Луганску Аляксандр Шубін. Паводле базы «Міратворац», з пачатку сэпаратысцкага руху на Данбасе ў 2014 годзе Шубін быў шараговым у батальёне, дзе намесьнікам камандзіра быў Прылепін. Як мінімум зь 2018 году Шубін перабраўся ў Ніжні Ноўгарад — менавіта туды яму прыходзілі штрафы за парушэньне правілаў дарожнага руху.

«Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцы ў экстраных службах паведаміў, што аўтамабіль, у якім знаходзіўся Прылепін, узарваўся падчас руху. «Асноўная вэрсія — падрыў самаробнай выбухной прылады на радыёкіраваньні», — паведамілі крыніцы. Паводле папярэдніх зьвестак, у дно машыны была закладзеная самаробная выбухная прылада.

РБК сьцьвярджае, што Прылепін толькі сёньня раніцай вярнуўся з падкантрольных Расеі тэрыторый Украіны і ехаў у Ніжагародзкую вобласьць да сям’і.

Захар Прылепін — вядомы расейскі пісьменьнік, адзін зь лідэраў партыі «Справядлівая Расея — за праўду» (быў у 2021 годзе абраны ў Дзярждуму, але адмовіўся ад мандата). З 2014 года займае рэзка антыўкраінскую пазыцыю, нейкі час ваяваў на баку сэпаратыстаў «ДНР». Увосень мінулага гады паведамлялася, што ён ізноў адправіўся на вайну ва Ўкраіну ў складзе Расгвардыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG