Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню з 2000 году зарэгістравалі палітычную партыю


Алег Раманаў, кіраўнік праўладнай партыі «Белая Русь». Архіўнае фота
Алег Раманаў, кіраўнік праўладнай партыі «Белая Русь». Архіўнае фота

Міністэрства юстыцыі зарэгістравала ляяльную Лукашэнку «Беларускую партыю „Белая Русь“». Цырымонія ўручэньня пасьведчаньня адбылася 2 траўня.

18 сакавіка праўладнае грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» заснавала аднайменную партыю прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Старшынём партыі выбралі кіраўніка аб’яднаньня Алега Раманава. Цяпер яе зарэгістравалі ў Міністэрстве юстыцыі, паведаміла БелТА.

Раней Раманаў, як і «Белая Русь», адкрыта падтрымлівалі Лукашэнку і не выказвалі ніякай крытыкі ўладаў.

Падчас пасланьня народу і парлямэнту 31 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ня будзе «партыі ўлады», хаця менавіта ў такім амплюа многія экспэрты бачылі «Белую Русь».

«Партыі ствараюцца для барацьбы за ўладу, — заявіў ён. — Імкненьне да ўлады розных палітычных сіл — гэта ня проста канкурэнцыя поглядаў і сыстэм, гэта падзел грамадзтва, што прыводзіць часам да страты канструктыву».

Таксама Лукашэнка ў тым пасланьні заявіў, што ў палітычным полі ня будзе «замежных агентаў, праплачаных з-за мяжы. Роўна як і партыі ўлады». Аднак ужо празь месяц пасьля тых словаў такая партыя зьявілася.

Нягледзячы на падачу ў розныя гады заяў на рэгістрацыю, з 2000 году Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала ніводнай палітычнай партыі, што супярэчыць параграфу 7.6 Капэнгагенскага дакумэнту АБСЭ 1990 году і «праву прыватных асоб і групаў насельніцтва цалкам вольна ствараць свае палітычныя партыі».

Як мiнiмум чатыры суб’екты падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці палітычнай партыі за апошнія 10 гадоў.

Шмат разоў спрабавалі зарэгістравацца «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Партыя свабоды і прагрэсу, Беларуская камуністычная партыя працоўных. Адна спроба зарэгістравацца была ад Беларускай партыі працы (пасьля яе ліквідацыі Вярхоўным судом 2 жніўня 2004 году). Усе спробы Міністэрства юстыцыі адхіліла.

Апошняя ўдалая спроба рэгістрацыі новай партыі датуецца 2000 годам, калі зарэгістравалі Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ (КХП-БНФ).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG