Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, каго запрасілі на сустрэчу Лукашэнкі з жыхарамі Веткі

Аляксандар Лукашэнка ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці, 28 красавіка 2023
Аляксандар Лукашэнка ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці, 28 красавіка 2023

Ролю «найлепшых людзей гораду» на сустрэчы з Лукашэнкам выконваў прафсаюзны актыў.

«Звычайныя жыхары» райцэнтру Веткі Гомельскай вобласьці, зь якімі размаўляў Аляксандар Лукашэнка 28 красавіка, выявіліся мясцовым прафсаюзным актывам і чыноўнікамі, высьветліла выданьне Reform.by.

«Я бачыў сёньня ў Ветцы радасныя твары, і ў чым асаблівасьць — калі ёсьць нейкія дробныя пытаньні, то жанчыны хуценька гэтага чалавека адсоўваюць: „Ды гэта не прэзыдэнта пытаньні, ды гэта не галоўнае“. Галоўнае — каб быў мір, каб не прылятала сюды (як гавораць на Данбасе), каб людзі жылі на мірнай зямлі. Людзі нарэшце сваім прыярытэтам зрабілі нармальнае жыцьцё, спакойнае, мірнае, і жыцьцё сваіх дзяцей. Гэта прыярытэт сёньня я бачу на Гомельшчыне, ды і па ўсёй рэспубліцы», — пахваліўся на сустрэчы ў Ветцы 28 красавіка з абласнымі чыноўнікамі Лукашэнкі.

Reform.by паглядзеў на твары прысутных на мерапрыемстве і многіх пазнаў.

Ня ўсіх асобаў у афіцыйнай фотасправаздачы відаць: многіх здымалі са сьпіны для стварэньня масавасьці. Але тыя, хто змог паказаць твар, знаёмыя мясцовым жыхарам — гэта раённыя прафсаюзныя кіраўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў.

У натоўпе, як гэта звычайна бывае, не было «вэртыкальшчыкаў» — усе яны знаходзіліся на афіцыйнай сустрэчы, а вось на вуліцы Лукашэнкі чакалі тыя, каму месца ў залі не знайшлося. Але гэта правераныя людзі, адзначае выданьне.

Так, Reform.by апазнала былога (якую пасаду ён займае цяпер, журналісты высьветліць не змаглі) і цяперашняга старшыняў Веткаўскага раённага аб’яднаньня арганізацый прафсаюзаў Уладзімера Бялова і Вадзіма Гаўрылава (сустракалі на выхадзе з выканкаму), старшыню прафкаму Веткаўскай ЦРБ Тамару Радзькоўскую (прасіла застацца на пасадзе гады), старшую мэдсястру ЦРБ Любоў Арэх (30 гадоў таму прыехала з Узбэкістану), намесьніцу кіраўніка ў ідэалягічнай працы Веткаўскага спэцлясгасу Тамару Убажэнку (сустракала на чале групы са словамі «У нас няма праблем»).

XS
SM
MD
LG