Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў, звольнены ў Менску за ўдзел у пратэстах, дэбютуе ў La Scala


Ільля Сільчукоў
Ільля Сільчукоў

Адзін з самых вядомых беларускіх опэрных сьпевакоў Ільля Сільчукоў, якога ў 2020 годзе звольнілі ў Беларусі за грамадзянскую пазыцыю, на пачатку чэрвеня ўпершыню выступіць у знакамітым тэатры La Scala ў Міляне, паведамляецца на сайце опэры.

«Я вельмі рады абвясьціць пра свой будучы дэбют у легендарным тэатры La Scala ў опэры Дворжака „Русалка“», — напісаў Ільля Сільчукоў у сваім Facebook у пятніцу.

Паводле Zerkalo.io, беларускі барытон выступіць у ролі Паляўнічага. Акрамя таго, ён выканае ролю Водніка за свайго адсутнага калегу, растлумачыў Ільля ў камэнтарах.

Прэм’ера заплянаваная на 6 чэрвеня.

«Русалка» — гэта казка пра німфу, якая прымае чалавечае аблічча дзеля каханьня прынца, які здрадзіць ёй і раскаецца толькі пасьля яе сьмерці. Твор Антаніна Дворжака, напісаны ў 1900 годзе, увесь час прысутнічае ў праграмах найбуйнейшых эўрапейскіх і амэрыканскіх тэатраў, але ніколі не выконваўся ў La Scala. Галоўную ролю выканае ўкраінская сьпявачка Вольга Бясьсьмертная, якая ўжо выступала ў ролі Русалкі ў Вене. Дырыжорам будзе Томаш Ганус, музычны дырэктар Валійскай нацыянальнай опэры.

  • Ільля Сільчукоў быў звольнены зь Вялікага тэатру Беларусі восеньню 2020 году — у прыватнасьці, за тое, што зьняўся ў відэа «Культура за страйк». Пасьля гэтага сьпявак зьехаў у ЗША, выступаў у амэрыканскіх, францускіх тэатрах.
  • Сільчукоў нарадзіўся ў Менску ў 1982 годзе. Скончыў гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі, вакальнае аддзяленьне Менскай музычнай вучэльні імя М. Глінкі, вакальнае аддзяленьне Беларускай акадэміі музыкі. З 2005 году быў салістам Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў. Быў адным з трох гранд-фіналістаў у тэлепраекце «Вялікая Опэра» на канале «Россия-Культура». Мае мэдаль Францішка Скарыны (2015). Удзельнічаў у пратэстах 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG