Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пачатак году ў Грузіі жылі больш за 13 тысяч грамадзянаў Беларусі


Тбілісі
Тбілісі

На 1 студзеня 2023 году ў Грузіі жыў 13 361 грамадзянін Беларусі. Пра гэта 27 красавіка паведаміла Нацыянальная служба статыстыкі гэтай краіны.

Беларусы — трэцяя паводле колькасьці група іншаземцаў у Грузіі пасьля расейцаў (62 304) і ўкраінцаў (20 716).

За мінулы год станоўчае міграцыйнае сальда ў Грузіі склала 54 009 чалавек.

Чацьвёртая і пятая міграцыйныя групы ў краіне — грамадзяне Індыі (3948 чалавек) і Турэччыны (3946).

Згодна з грузінскай мэтодыкай падліку, мігрантам лічыцца асоба, якая перасекла мяжу і знаходзілася на тэрыторыі краіны больш за 183 дні цягам апошніх 12 месяцаў.

Усяго на пачатак году ў Грузіі жылі 3 млн 736 тыс. чалавек.

Грузія стала адным з самых папулярных кірункаў масавай эміграцыі беларусаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і наступных палітычных рэпрэсіяў.

Больш за ўсё беларускіх грамадзянаў сёньня жыве ў Польшчы.

Аўтары дасьледаваньня «Беларускія мігранты ў Польшчы і Літве: агульныя тэндэнцыі і параўнальны аналіз 2022 г.» адзначаюць, што летась у лістападзе польскія ўлады ацэньвалі колькасьць беларусаў у краіне ў 100–150 тысяч.

Паводле іншага дасьледаваньня, праведзенага спэцыялістамі інстытуту «Палітычная сфэра», у 2022 годзе ў Польшчы жылі амаль 80 тысяч беларускіх грамадзян, зь іх права на сталае жыхарства мелі 64,7 тысячы. Сталы дазвол на жыхарства меў 30 421 грамадзянін Беларусі, часовы — 28 071, яшчэ 6172 чалавекі легалізаваліся ў краіне на іншых падставах (уцякацтва, міжнародная абарона і інш.). Уладальнікі гуманітарных візаў у дасьледаваньні ня ўлічваліся.

Маніторынг інстытуту «Палітычная сфэра» таксама паказаў, што на канец 2022 году ў Літве жылі 48 804 чалавекі зь беларускім грамадзянствам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG