«Нам удалося вярнуць дадому 44 нашых чалавекі. Сярод іх 36 чалавек шараговага і сяржанцкага складу і 6 афіцэраў. Гэта вайскоўцы, памежнікі, нацгвардзейцы, маракі. Людзі абаранялі Марыюпаль, „Азоўсталь“, Херсонскую вобласьць, змагаліся з ворагам на Ўсходзе. Мы таксама вызвалілі двух цывільных жыхароў», — напісаў Ярмак у Тэлеграме.
Ён адзначыў, што сярод вызваленых ёсьць параненыя, «катаваныя ворагам у палоне».
У Міністэрстве абароны Расеі пацьвердзілі абмен палоннымі і паведамілі, што ў Расею вярнуліся 40 расейскіх вайскоўцаў.
18 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што агулам з палону вызваленыя 2235 украінцаў.
Апошні буйны абмен палоннымі адбыўся на Вялікдзень, 16 красавіка. У гэты дзень дадому вярнуліся 130 чалавек: 92 вайскоўцы Ўзброеных сілаў Украіны, 20 нацгвардзейцаў, трое памежнікаў, па два прадстаўнікі ВМС і Дзяржспэцтрансслужбы, паведамілі ва ўкраінскім Каардынацыйным штабе па лячэньні ваеннапалонных. 48 са 130 вызваленых з палону лічыліся зьніклымі бязь вестак.