Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаўся форум беларускай бізнэс-дыяспары ў краінах Балтыі


Гэта ўжо чацьвёрты Беларускі бізнэс-форум, арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой у Вільні і Варшаве.

Сярод заяўленых мэтаў форуму — аб’яднаць беларускую бізнэс-дыяспару і стварыць магчымасьці для нэтворкінгу ва ўсім сьвеце, разьвіваць дыялёг з афіцыйнымі асобамі Літвы і Эўразьвязу пра бягучыя праблемы беларускага бізнэсу і яго падтрымку, паказаць патэнцыял беларускага бізнэсу для эўрапейскай эканомікі і эканомікі ў новай дэмакратычнай Беларусі.

Форум адкрылі віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Серж Наўродзкі і прэзыдэнт рады Літоўскай бізнэс-канфэдэрацыі Андрыюс Раманоўскіс. Ад ураду Літвы выступіў выступ віцэ-міністар эканомікі і інавацый Літвы Караліс Жэмайціс.

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да ўдзельнікаў форуму з прамовай:

«Дазвольце падзякаваць ураду Літвы, які тут прадстаўляе Караліс Жэмайціс. Вы спрычыніліся да разьмяшчэньня шматлікіх кампаній зь Беларусі. У Літве шмат хто знайшоў паратунак.

Заклікаю вас працягваць падтрымку сумленнага беларускага бізнэсу за мяжой. Гэта выгадна ўсім бакам, акрамя рэжыму Лукашэнкі.

Стварэньне спрыяльных умоваў для разьмяшчэньня беларускага бізнэсу ня толькі ратуе жыцьці людзей, але і супрацьстаіць рэпрэсіям у Беларусі. Чым больш рэжым будзе ціснуць на беларусаў і беларускі бізнэс, тым больш іх будзе зьяжджаць з краіны. А значыць, спыніць выплату падаткаў, стварэньне там працоўных месцаў і дабаўленай вартасьці».

Ціханоўская заявіла, што ўзровень тэрору ў Беларусі толькі пагаршаецца, кожны дзень у сьпісах затрыманых зьяўляецца каля 17 новых прозьвішчаў.

«З прычыны рэпрэсій пасьля жніўня 2020 году краіну мусілі пакінуць больш за 200 тысяч беларусаў. Для большасьці зь іх гэта быў ня іх выбар сысьці, а неабходнасьць ня трапіць у турму.

Яны могуць стаць каштоўнымі партнэрамі і добрымі падаткаплатнікамі для дэмакратычных краін. Яны могуць прынесьці ня толькі фінансавыя дывідэнды, ня толькі стварыць новыя працоўныя месцы, але і падзяліцца досьведам у бізнэс-супольнасьцях», —падкрэсьліла Ціханоўская.

Ціханоўская заявіла, што Літва зьяўляецца другім па велічыні пунктам разьмяшчэньня беларускага бізнэсу з больш чым 660 кампаніямі зь беларускімі ўладальнікамі, з тысячамі супрацоўнікаў, якія плацяць падаткі, інвэстуюць і ўвасабляюць у жыцьцё свае каштоўныя ідэі. Тры беларускія прадпрыемствы ўваходзяць у топ-10 падаткаплатнікаў сярод IT-кампаній Літвы, дзьве зь іх — у топ-3.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG