Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух беларусаў арыштавалі ў Маскве і абвінавацілі ў дывэрсіі за падпал электравоза


Чыгунка, ілюстрацыйнае фота
Чыгунка, ілюстрацыйнае фота

Дваццацігадовых грамадзян Беларусі Арцёма Брэскага і Кірыла Басько абвінавачваюць у падпале электравоза ў Падмаскоўі. Абодва ў Расеі пад вартай.

Брэскага і Басько, 2003 і 2004 гадоў нараджэньня, затрымалі 27 сьнежня летась, але вядома пра гэта стала толькі цяпер, піша «Медыязона».

Паводле сьледзтва, 22 сьнежня беларусы за ўзнагароджаньне падпалілі электравоз у лякаматыўным дэпо на станцыі Арэхава-Зуева.

Спачатку на іх склалі пратаколы аб дробным хуліганстве нібыта за тое, што яны лаяліся ў грамадзкім месцы, і прысудзілі штрафы. Пазьней іх арыштавалі паводле крымінальнага артыкула аб наўмысным пашкоджаньні маёмасьці, а пазьней перакваліфікавалі абвінавачаньне на дывэрсію. У гэтым артыкуле Крымінальнага кодэксу РФ (пункт «б» ч. 2 арт. 281) ім пагражае ад 12 да 20 гадоў зьняволеньня.

24 красавіка ў Мяшчанскім раённым судзе Масквы будзе разглядацца хадайніцтва аб падаўжэньні тэрміну трыманьня іх пад вартай.

«Медыязона» падлічыла, што зь верасьня 2022 году ў Расеі затрымалі як мінімум 66 чалавек у справах аб дывэрсіях на чыгунках. Дзьве траціны фігурантаў гэтых справаў — школьнікі або студэнты ва ўзросьце да 21 году, адной траціне затрыманых няма 18 гадоў.

Паводле «Медыязоны», колькасьць такіх крымінальных справаў пачала рэзка расьці ў студзені сёлета. У канцы мінулага году адказнасьць за дывэрсіі пашырылі, уключыўшы ў артыкул пакараньне за навучаньне і спрыяньне дывэрсіям, а таксама ўдзел у «дывэрсійнай супольнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG