Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб чарговым трупе мігранта ля мяжы зь Літвой


Беларуска-літоўская мяжа. Архіўнае фота
Беларуска-літоўская мяжа. Архіўнае фота

Гэта ўжо 12-ы зафіксаваны выпадак сьмерці нерэгулярнага мігранта на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу.

У Браслаўскім раёне паблізу літоўскай мяжы 20 красавіка знайшлі труп мужчыны-замежніка, паведамляе БелТА са спасылкай на ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці.

На месцы здарэньня працавала сьледча-апэратыўная група. Браслаўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку.

Раней сёлета выпадкі сьмерцяў нерэгулярных мігрантаў зафіксавалі на межах з краінамі Эўразьвязу 9, 10, 31 студзеня, 4, 10, 18 і 24 лютага, 10, 13 сакавіка, 11 і 19 красавіка. Гэта ўжо 12-ы зафіксаваны выпадак сьмерці мігранта.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго, як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць іншаземцаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
  • Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
  • Днямі Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.

Колькі жыцьцяў забраў мігранцкі крызіс

4 жніўня мігрант з Іраку памёр на беларуска-літоўскай мяжы непадалёк ад пункту пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.

19 верасьня ў Польшчы на мяжы знайшлі трох загінулых мігрантаў. Зь беларускага боку знайшлі цела жанчыны. Аднаго зь мігрантаў, 37-гадовага Мустафу Махамэда, пахавалі на мусульманскіх могілках у вёсцы падляскіх татараў Багоніках 21 лістапада.

7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.

14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.

19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Яму было 19 гадоў. Пахаваны ў Багоніках 15 лістапада.

22 кастрычніка непадалёк ад Кузьніцы знайшлі цела мігранта. Паліцыя не змагла даведацца ягонага імя. 18 лістапада яго пахавалі ў Багоніках.

29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстану.

12 лістапада ў лесе каля польскай вёскі Вулька Церахоўская непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю знайшлі цела 20-гадовага сырыйца. Зь беларускага боку мяжы знаходзіцца Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці.

22 лістапада стала вядома, што ва ўлоньні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасьці памерла ненароджанае дзіця. Маці двума тыднямі раней даставілі з-пад беларускай мяжы ў шпіталь. Паводле мусульманскага звычаю, мёртванароджанае дзіця пахавалі ў асобнай магіле ў Багоніках. Сама жанчына была ў цяжкім стане і 3 сьнежня ўвечары памерла.

27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знайшлі труп мігранта ўзростам каля 30 гадоў.

28 лістапада знайшлі яшчэ адзін труп мужчыны неславянскай зьнешнасьці на мяжы зь Літвой.

Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў зь «беларускага маршруту» не на мяжы. Адзін памёр у Менску, дваіх знайшлі нежывымі ў Нямеччыне.

28 траўня 2024 году адным зь мігрантаў, які хацеў парушыць дзяржаўную мяжу, быў сьмяротна паранены шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк. 6 чэрвеня ён памёр у шпіталі ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Такім чынам, вядома пра сьмерць:

  • 13 мігрантаў на мяжы,
  • 1 ненароджанага дзіцяці,
  • 3 мігрантаў у іншых пунктах «беларускага маршруту»
  • 1 польскага жаўнера

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG