Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва другі раз за тыдзень абвінаваціла беларускага памежніка ў парушэньні мяжы. У Беларусі адказалі

абноўлена
Фота Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы
Фота Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

Памежнікі пункту пропуску «Гінтарас Жагуніс» зафіксавалі праз сыстэму відэаназіраньня, як беларускі памежнік у Салечніцкім раёне незаконна пранік на тэрыторыю Літвы прыкладна на 2 мэтры, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Паводле ведамства, гэта адбылося раніцай 18 красавіка: беларускія памежнікі ішлі ўздоўж мяжы зь беларускага боку, а ў вёсцы Стокі Салечніцкага раёну падышлі да лініі мяжы і адзін зь іх перасек лінію і заступіў на тэрыторыю Літвы прыкладна на 2 мэтры. Потым разьвярнуўся і пайшоў назад.

Лінія мяжы на мясцовасьці абазначаная слупком, на які нанесены знакі дзяржаўнай мяжы; побач на тэрыторыі Літвы збудаваны фізычны бар’ер.

У Літве пачалі дасудовае расьсьледаваньне па факце незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы.

Гэта ўжо другі падобны выпадак за тыдзень. 12 красавіка адзін зь беларускіх памежнікаў зайшоў на тэрыторыю Літвы на глыбіню каля мэтра. У сувязі з інцыдэнтам Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту.

Памежны камітэт Беларусі: «Літоўскі бок спрабуе абвастрыць сытуацыю на мяжы»

У Памежным камітэце Беларусі ў адказ заявілі, што на гэтым участку «праходжаньне дзяржаўнай мяжы мае пэўныя асаблівасьці» і «выява з камэр назіраньня скажае сапраўднае месцазнаходжаньне беларускага вайскоўца», таму заявы Літвы «не адпавядаюць рэчаіснасьці». Што да інцыдэнту 12 красавіка, беларускі вайсковец «ненаўмысна зайшоў на тэрыторыю Літвы», дадалі ў ведамстве.

Памежны камітэт сьцьвярджае, што ў пачатку красавіка беларускі бок таксама зафіксаваў заход на сваю тэрыторыю лодкі з тэрыторыі Літвы, але накіраваў адпаведны запыт «без публічнага абнародаваньня інфармацыі».

«Апублікаваньне літоўскім бокам відэа да атрыманьня афіцыйнага адказу ад беларускага боку пацьвярджае, што галоўная мэта падобных дэманстрацый — стварыць чарговую нагоду ў інфармацыйным полі, дыскрэдытаваць беларускі бок і абвастрыць сытуацыю на мяжы пад любой падставай», — заявілі ў Памежным камітэце Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG