Журналісты «Нашай нівы» высьветлілі, што мужчына, які называў сябе Сяргеем Заслаўскім і быў героем публікацый у дзяржаўнай прэсе як нібыта вэтэран спэцназу і аўтар спартовых дасягненьняў, запісаных у кнігу рэкордаў Гінэсу, насамрэч зьяўляецца неданаразова судзімым. А ягонае сапраўднае прозьвішча — Аўтуховіч.
Шматразова судзімы за разбоі, ён стаў намесьнікам Дзьмітрыя Паўлічэнкі ў Асацыяцыі вэтэранаў спэцназу і сустракаўся з дэпутатамі, чыноўнікамі, праводзіў сэмінары для маладых сілавікоў, актыўна выступаў на акцыях у падтрымку Лукашэнкі. Але папраўдзе Аўтуховіч ніколі ў спэцназе не служыў.
У красавіку Аўтуховіча затрымалі за рэпост публікацыі нібыта «экстрэмісцкага» рэсурсу і пасадзілі на 15 сутак, падчас ягонага арышту і высьветлілася авантура. Цяпер стала вядома, што яго арыштавалі яшчэ на 15 дзён.
Паводле інфармацыі «Нашай нівы», Аўтуховіч мог прасіць грошы ў чыноўнікаў на свае праўладныя акцыі. Калі гэта пацьвердзіцца, супраць яго могуць завесьці крымінальную справу за махлярства.