Візавы цэнтар Італіі ў Берасьці 7 сакавіка аднавіў прыём візавых заяў. А ўжо 13 красавіка паведаміў, што прыём спынены з прычыны надта высокага попыту. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце візавага цэнтру.
Прыём дакумэнтаў у візавы цэнтар Італіі ў Берасьці праходзіў па наступнай схеме: на сайце трэба было стварыць акаўнт і паслаць неабходныя зьвесткі. Пасьля гэтага спэцыяліст візавага цэнтру зьвязваўся з заяўнікам, пасьля чаго яму дасылалася электроннае пацьверджаньне запісу. І толькі потым заяўнік ішоў у цэнтар з дакумэнтамі.
«Празь вялікую чаргу прыём новых запытаў у Берасьці прыпынены. У беларусаў, якія маюць запрашэньне ад блізкіх сваякоў або ад дзелавых партнэраў у Італіі, просім зьвяртацца ў адпаведныя разьдзелы формы зваротнай сувязі», — гаворыцца ў паведамленьні візавага цэнтру.
Там адзначана, што апрацоўка запытаў на падачу ў Берасьці будзе праводзіцца ў храналягічным парадку. Па меры зьяўленьня месцаў наступны па чарзе заяўнік атрымае электронны ліст, а пры адсутнасьці адказу месца будзе прапанавана наступнаму па чарзе.