Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля адміністрацыйных арыштаў вызваляюць супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка


У Музэі беларускага кнігадрукаваньня у Полацку, архіўнае фота, 2016 год
У Музэі беларускага кнігадрукаваньня у Полацку, архіўнае фота, 2016 год

Як стала вядома, пасьля арышту вызвалілі чатырох супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, затрыманых 29 і 30 сакавіка. Мяркуючы па датах вызваленьня, усе яны былі арыштаваныя на 15 сутак.

13 красавіка з-пад арышту вызвалілі загадчыцу навукова-экспазыцыйнага аддзелу Тамару Джумантаеву, фатографа Кірыла Смалякова і электрыка запаведніка (імя невядомае). 14 красавіка на волі апынуліся старшы навуковы супрацоўнік Полацкай мастацкай галерэі Аляксандра Касьцюкевіч і Алена Ходзікава, якая раней звольнілася з запаведніка па ўласным жаданьні, паведаміла крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

Тамара Джумантаева
Тамара Джумантаева

Як паведамлялася раней, яшчэ на 15 сутак арыштаваны наваполацкі фатограф Ігар Супранёнак. Рашэньне прыняў 11 красавіка гарадзкі суд.

Супранёнка затрымалі 29 сакавіка каля яго дому і арыштавалі на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць).

8 красавіка пасьля 10-сутачнага арышту па тым жа артыкуле ня вызвалілі супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, кандыдата філязофскіх навук Ігара Бортніка. 10 красавіка суд Наваполацку арыштаваў яго яшчэ на 13 сутак на падставе пратаколу, складзенага паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Разам з Бортнікам і Супранёнкам 29 і 30 сакавіка было затрымана больш за 10 жыхароў Полацку і Наваполацку, сярод якіх былы дырэктар установы, загадчыца навукова-экспазыцыйнага аддзелу Тамара Джумантаева і фатограф Кірыл Смалякоў. Яны былі арыштаваныя на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП.

Таксама былі затрыманыя іншыя супрацоўнікі запаведніка, у прыватнасьці, Аксана Шафран, Аксана Козел, Вольга Філімонава, Вікторыя Бабко, Надзея Язьмер і Алена Ходзікава. Частку затрыманых вызвалілі, забраўшы тэхніку і прызначыўшы даты судоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманых абвінавачваюць у «распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў», камэнтарах і лайках у сацсетках і мэсэнджарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG