Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія памежнікі затрымалі адзін з самых дарагіх і хуткіх аўтамабіляў у сьвеце. Скрадзены Ferrari перавозілі зь Беларусі на прычэпе

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Польскія памежнікі 8 красавіка канфіскавалі аўтамабіль «Ferrari Portofino» коштам 1,2 млн злотых (каля 257 тысяч эўра), які знаходзіўся ў вышуку, на памежным пераходзе Кукурыкі (зь беларускага боку — Казловічы).

Пра гэта паведаміў партал RMF24 са спасылкай на Надбужанскі пагранатрад Дзяржаўнай памежнай службы Польшчы.

Паводле інфармацыі прадстаўніка пагранатраду, 28-гадовы грамадзянін Беларусі перавозіў аўтамабіль 2019 году на прычэпе. «У ходзе надглядных мерапрыемстваў» пагранічнікі ўстанавілі, што аўтамабіль «знаходзіўся ў вышуку як скрадзены».

Па дадзеных памежнікаў, гэта самая дарагая машына, затрыманая з пачатку году на ўсходняй мяжы Польшчы. «Гэта таксама адзін з самых дарагіх і хуткіх аўтамабіляў-купэ, якія вырабляюцца ў сьвеце, а яго максымальная хуткасьць складае 320 км/гадзіну», — зазначыў сьпікер пагранатраду.

Паведамляецца, што кіроўца грузавіка затрыманы, транспартны сродак цяпер пад аховай, па крымінальнай справе распачата падрыхтоўчае вядзеньне.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG