Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Мы рыхтуем для Гаагі дакумэнты на Лукашэнку


Павал Латушка і ўкраінскія дзеці падчас эвакуацыі ў Львоў. Каляж.
Павал Латушка і ўкраінскія дзеці падчас эвакуацыі ў Львоў. Каляж.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне зьбірае дакумэнты, якія сьведчаць пра датычнасьць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Сабраныя доказы лідэр НАУ Павал Латушка мае намер перадаць пракурору Гааскага трыбуналу. Хто дакладна датычны да вывазу ўкраінскіх дзяцей і якія доказы ёсьць у НАУ? Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказвае Павал Латушка.

Паводле Латушкі, у гэтую справу замяшаны пралукашэнкаўскі дзеяч і паралімпіец Аляксей Талай. Некалькі разоў ён выяжджаў на часова акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі, каб арганізаваць выезд украінскіх дзяцей у Беларусь. Пазьней было апублікаванае рашэньне так званай Саюзнай дзяржавы, каб арганізаваць прыезд у Менскую вобласьць 1050 дзяцей. Гэты выезд, як гаварылася ў рашэньні, адбываўся па даручэньні Пуціна і Лукашэнкі.

«Пазьней былі паведамленьні ад БелТА, што дзяцей вывозілі ў дзіцячы лягер „Дубрава“ ў Салігорскім раёне. Гэты праект ажыцьцяўляўся, як там гаварылася, пры падтрымцы генэральнага дырэктара „Беларуськалію“ спадара Івана Галаватага, які зьяўляецца хросным бацькам сына Лукашэнкі Мікалая. Мы ўжо маем інфармацыю, што 700 дзяцей ужо знаходзіліся на тэрыторыі Менскай вобласьці, а 350 ужо прыбылі і будуць прыбываць на працягу красавіка-траўня гэтага году», — кажа Латушка.

Палітык спасылаецца на старшыню прафсаюзу хімічнай прамысловасьці Дзьмітрыя Швайбу, які таксама паведамляў, што дзеці знаходзяцца на тэрыторыі Салігорскага раёну і што для іх нават арганізаваны адукацыйны працэс, што іх нават гатовыя ў будучым прыняць на працу ў «Беларуськалій».

«Але калі мы паглядзім, што гэтым дзецям ад 6 да 15 год, гэта дзеці-сіроты або тыя, хто страціў кармільца, то гэта азначае, што права, каб яны выехалі, мае толькі ўпаўнаважаны орган грамадзянства гэтых дзяцей. Такім органам зьяўляецца Ўкраіна. Тым больш украінская амбудсмэн па правах дзіцяці ўжо заяўляла, што ў іх ёсьць зьвесткі наконт вывазу ўкраінскіх дзяцей як на тэрыторыю Расеі, так і Беларусі. Гаворка ішла пра 16 тысяч дзяцей. Пра гэта заяўляў і генпракурор Украіны», — кажа Латушка.

Кіраўнік «НАУ» мяркуе, што ў гэтай справе магла быць парушаная Чацьвёртая Жэнэўская канвэнцыя, бо дзяцей нельга вывезьці зь іх уласнай волі, а Ўкраіна ж такой згоды не давала. Нэўтральнай краінай Беларусь не зьяўляецца. Таму такі вываз можа быць прызнаны нелегальным. У адпаведнасьці са згаданай канвэнцыяй адказнасьць наступае на дзяржаву. На думку Латушкі, парушаны таксама мог быць Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду, які кажа, што незаконная дэпартацыя дзяцей падчас вайны — гэта злачынства.

Частку дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць вываз дзяцей, Павал Латушка ўжо сабраў. Усе гэтыя дакумэнты ён зьбіраецца перадаць пракурору суду ў Гаазе, які можа даць прававую ацэнку матэрыялаў. З пункту гледжаньня юрыстаў «НАУ», злачынства навідавоку, перакананы Павал Латушка. Ён лічыць, што магчыма выставіць ордэр на арышт Лукашэнкі, як гэта было ўжо зроблена адносна Ўладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG