Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты з Осла да Вялікадня выслалі зьняволенаму нобэлеўскаму ляўрэату Бяляцкаму 500 паштовак


Алесь Бяляцкі. Архіўнае фота
Алесь Бяляцкі. Архіўнае фота

Сёлета на выставе, прысьвечанай Нобэлеўскай прэміі міру, аўдыторыі прапанавалі напісаць паштоўкі ляўрэату прэміі, беларускаму палітзьняволенаму Алесю Бяляцкаму, асуджанаму да 10 гадоў зьняволеньня.

Актывісты Nobel Peace Cetner з Осла паказалі, як пасылаюць 500 паштовак Алесю Бяляцкаму.

Паштоўкі яны выслалі 31 сакавіка і спадзяюцца, што яны трапяць у беларускую турму пасьля Вялікадня. Яны ня ўпэўненыя, што іх перададуць у камэру Бяляцкаму, але турэмная адміністрацыя павінна іх зарэгістраваць.

«Гэта значыць, што яны ведаюць, што мы сочым за тым, што адбываецца з Алесем і зь ягонымі паплечнікамі з праваабарончай арганізацыі „Вясна“. Алесь любіць катоў і кветкі. Таму мы зрабілі паштоўкі зь яго любімымі рэчамі, яны праілюстраваныя ў цэнтры Нобэлеўскай прэміі міру», — адзначылі актывісты.

Два месяцы таму яны ўжо высылалі ў турму Алесю Бяляцкаму 500 лістоў, а цяпер паслалі яшчэ адну партыю паштовак, таксама 500.

Подпісы былі сабраныя на выставе Нобэлеўскай прэміі міру ў Осла; сярод тых, хто падпісаў паштоўкі, былі мэр Осла і жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

Усе подпісы адканавалі; арганізатары спадзяюцца, што Алесь іх убачыць, калі выйдзе з турмы, нават калі цяпер яму не перададуць іх у рукі.

Наведаць выставу Нобэлеўскай прэміі міру можна ў мэрыі Осла з 27 красавіка альбо ў Нобэлеўскім цэнтры з пачатку лета да 20 лістапада.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

XS
SM
MD
LG