Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк: Рост ВУП Беларусі складзе 0,6%, хаця сярэднетэрміновыя пэрспэктывы застаюцца змрочнымі


Беларускія грошы. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія грошы. Ілюстрацыйнае фота

Эканоміка Беларусі па выніках 2023 года вырасьце на 0,6 працэнта, вынікае з вясновага агляду Сусьветнага банку.

Разам з тым аналітыкі банку лічаць, што «сярэднетэрміновыя пэрспэктывы застаюцца змрочнымі»:

«Рызыкі зьніжэньня застаюцца значнымі, уключаючы магчымае ўвядзеньне дадатковых сэктаральных санкцый, магчымыя нэгатыўныя наступствы для расейскай эканомікі, няздольнасьць прыстасавацца да рэжыму санкцый і экспансіянісцкую ўнутраную палітыку ў імкненьне стымуляваць эканамічна за кошт падтрыманьня макраэканамічнай і фінансавай стабільнасьці».

Прагназуючы слабы эканамічны рост, экспэрты засноўваюцца на чаканым аднаўленьні ў нафтахімічным сэктары, машынабудаваньні і харчовай прамысловасьці, якія арыентаваны на расейскі рынак або маюць наладжаныя экспартныя маршруты праз Расею.

«Абмежаваньні з боку прапановы і лягістыкі па-ранейшаму захаваюцца і будуць часткова зьліквідаваны за кошт паралельнага імпарту. Гэта ўсё роўна нэгатыўны паўплывае на вытворцаў», — зазначае СБ.

На рост прыватнага сэктару паўплывае ўзмацненьне жорсткасьці ўмоў вядзеньня бізнэсу ў сувязі са зьменамі ў Падатковым кодэксе, якія прадугледжваюць павелічэньне падатковай стаўкі, якая выплачваецца самазанятымі фізычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у той час як спрошчаны падатковы рэжым для ІП адменены.

Аднаўленьне росту даходаў хатніх гаспадарак будзе залежаць ад таго, у якой ступені эканамічны рост можа быць захаваны ў складаных зьнешніх умовах з абмежаванай бюджэтнай прасторай.

Аналітыкі банку падкрэсьлілі, што на прагназаваньне ўплывае «недахоп доступу да важных даных, які далей расьце, у тым ліку аб фінансавых рахунках, вытворчасьці і гандлі санкцыйнымі таварамі, а таксама структуры валютных рэзэрваў».

На думку аўтараў аналізу, цэны ў Беларусі па выніках 2023 году павялічацца на 11%.

28 лістапада 2022 года Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год, згодна зь якімі прырост ВУП заплянаваны на ўзроўні 3,8 працэнта.

У студзені 2023 году да студзеня 2022-га падзеньне ВУП склала 5%, за першыя два месяцы гэтага году — 3,6%.

У 2022 годзе ВУП Беларусі зьнізіўся на 4,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG