АПК заклікаў міжнародную супольнасьць «прыняць неадкладныя меры прэвэнтыўнага характару дзеля недапушчэньня разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі насуперак волі беларускага народу, уключаючы неадкладныя і шырокія меры санкцыйнага характару супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі».
Заклік накіраваны ў першую чаргу да Вялікай Брытаніі, Эўразьвязу, ЗША, Канады і Японіі, а таксама «іншым дзяржавам і міжнародным арганізацыям, у мандат якіх уваходзіць падтрыманьне міжнароднага міру і бясьпекі, кантроль за выкананьнем абавязаньняў у нераспаўсюджваньні ядзернай зброі».
Кабінэт просіць генэральнага сакратара ААН даць прававую ацэнку разьмяшчэньню ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і выкарыстаньню Расеяй беларускай тэрыторыі для вядзеньня вайны супраць Украіны «ва ўмовах незаконнага ўтрыманьня ўлады рэжымам Лукашэнкі».
Кабінэт заклікаў МАГАТЭ «зрабіць неабходныя захады з мэтай праверкі выкананьня Рэспублікай Беларусь абавязаньняў па Дамове аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 году».
У Аб’яднаным кабінэце лічаць, што разьмяшчэньне ядзернай зброі Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Беларусі стварае пагрозу перш за ўсё для суседніх зь Беларусьсю краін. Кабінэт зьвярнуўся да ўрадаў Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і Эстоніі з прапановай сумесна выпрацаваць адзіную пазыцыю і плян дзеяньняў па недапушчэньні разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.
У арганізацыі ўпэўнены, што рэалізацыя пляну Расеі будзе «абуральным актам парушэньня сувэрэнітэту» Беларусі, які стварае «сур’ёзную пагрозу» яе незалежнасьці і «падрывае міжнародны мір і бясьпеку».
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Россия 24», паказаным 25 сакавіка, заявіў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі завершаць будаўніцтва спэцыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Гэтыя пляны рэзка асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, насьцярожана выказаўся Кітай.
Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся 31 сакавіка з так званым пасланьнем да народу і парлямэнту, заявіў, што заплянаванае вяртаньне ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі — ня акт запалохваньня, а спроба засьцерагчы дзяржаву.
Пасол Расеі ў Менску Барыс Грызлоў заявіў, што сховішча расейскай ядзернай зброі будзе «прысунута да заходніх межаў саюзнай дзяржавы».