Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня КДБ Беларусі заявіў пра затрыманьне грамадзян Польшчы і краін Балтыі нібыта за агентурныя апэрацыі


Сяргей Нарышкін, Іван Тэртэль і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 4 красавіка 2023
Сяргей Нарышкін, Іван Тэртэль і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 4 красавіка 2023

Перад паездкай у Маскву Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком службы замежнай выведкі Расеі.

Дырэктар службы замежнай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін прыехаў у Менск. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам разам са старшынём КДБ Беларусі Іванам Тэртэлем.

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў расейскаму боку за дапамогу ў тэхнічным перааснашчэньні беларускага КДБ, піша БелТА:

«Вы, напэўна, гэта заўважылі, што апошнім часам мы выведнымі дадзенымі абменьваемся больш інтэнсіўна. І якасьць інфармацыі палепшылася. Гэта перш за ўсё зьвязана з актывізацыяй дзейнасьці Камітэту дзяржбясьпекі. Але і немалаважная роля ў тым, што расейцы вельмі сур’ёзна, і вы перш за ўсё, дапамагаеце нам у тэхнічнай выведцы. Што тут хаваць, сёньня бяз тэхнікі наўрад ці можна атрымаць добрую, дакладную інфармацыю», — сказаў Лукашэнка.

Старшыня КДБ Іван Тэртэль сказаў, што чакае сур’ёзнай эскаляцыі становішча ў рэгіёне, ён заявіў, што нібыта «на тэрыторыі Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі існуюць лягеры для падрыхтоўкі баевікоў, якія плянуюць актывізацыю тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі». Пацьвярджэньня гэтым словам ён не прывёў.

За ажыццяўленьне быццам агентурных апэрацый у Беларусі затрымалі грамадзян Польшчы і краін Балтыі, сказаў журналістам старшыня КДБ Іван Тэртэль, перадае БелТА.

Ён таксама сказаў, што ніхто з затрыманых у Польшчы беларусаў ня мае дачыненьня да спэцслужбаў.

Візыт Нарышкіна адбываецца напярэдадні пасяджэньня Найвышэйшага дзяржаўнага савету так званай «саюзнай дзяржавы» з удзелам Пуціна і Лукашэнкі, якое заплянавалі на 6 красавіка ў Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG