Адпаведны ўказ 28 сакавіка падпісаў Аляксандар Лукашэнка, паведамляе яго прэсавая служба. Некалькі дзён таму прэзыдэнт Расеі паведаміў аб разьмяшчэньні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.
Раней Федзін займаў пасаду першага намесьніка начальніка ўзбраеньня Ўзброеных сілаў — начальніка штабу ўзбраеньня.
Папярэднік Федзіна на пасадзе намесьніка міністра генэрал-маёр Сяргей Сіманенка вызвалены ад пасады і звольнены з вайсковай службы ў адстаўку па хваробе.
Андрэю Федзіну 52 гады. Ён скончыў Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, піша Zerkalo. Служыў у беларускім войску на розных пазыцыях, у 1999 годзе стаў слухачом камандна-штабнога факультэту Вайсковай акадэміі Беларусі. Пасьля завяршэньня навучаньня (з адзнакай і залатым мэдалём) быў прызначаны старшым афіцэрам 1-га аддзелу (арганізацыйна-плянавага і забесьпячэньня) бранятанкавай службы УС Беларусі.
У 2008 годзе з пасады намесьніка камандзіра па ўзбраеньні — начальніка тэхнічнай часьці 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады паступіў на факультэт Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пасьля яго заканчэньня (з адзнакай) прайшоў шлях ад намесьніка камандуючага войскамі па ўзбраеньні — начальніка ўпраўленьня ўзбраеньня Заходняга апэратыўнага камандаваньня да першага намесьніка начальніка ўзбраеньня Ўзброеных Сіл — начальніка штабу ўзбраеньня.
Адзначаны рознымі дзяржаўнымі ўзнагародамі — мэдалямі «За бездакорную службу» ІІ і ІІІ ступеняў, ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені, мэдалём «За адзнаку ў воінскай службе».