Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нежаданьне ваяваць, запыт на стабільнасьць, некаторы рост даверу да ўлады, — вынікі апытаньня «Беларускага трэкеру пераменаў»


Беларускія вайскоўцы
Беларускія вайскоўцы

Каманда з шасьці дасьледчыкаў прадставіла чарговы даклад пра тэндэнцыі разьвіцьця Беларусі за сьнежань 2022 — люты 2023 году.

У межах справаздачы апублікаваныя вынікі чарговага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага ў Беларусі сацыёлягам Філіпам Біканавым.

Асноўныя тэндэнцыі ў беларускай грамадзкай думцы, якія выявіла апытаньне:

  • Працягваецца пэўны рост даверу да інстытутаў рэжыму;
  • Парадак дня дэмакратычных сілаў знаходзіцца на пэрыфэрыі інфармацыйнага поля;
  • Захоўваецца высокая палярызацыя грамадзтва, узаемнае адмоўнае стаўленьне «зацятых прыхільнікаў» і «зацятых праціўнікаў» улады;
  • Значныя часткі грамадзтва займаюць бакі Ўкраіны і Расеі ў вайне, прыхільнікі ўлады больш схільныя падтрымліваць Расею, праціўнікі — Украіну;
  • Відавочны кансэнсус адносна пажаданасьці няўдзелу беларускага войска ў вайне, гэты кансэнсус аб’ядноўвае беларусаў незалежна ад іх палітычных поглядаў.

У апошнім дасьледаваньні Філіпа Біканава, як і ў папярэдніх, выдзяляюцца чатыры сэгмэнты, групы рэспандэнтаў, якія адрозьніваюцца ступеньню даверу ці недаверу да дзяржаўных і недзяржаўных інстытутаў: «зацятыя прыхільнікі» ўлады, «схільныя давяраць» уладзе, «схільныя не давяраць» уладзе і «зацятыя праціўнікі» ўлады.

Дынаміка колькасьці гэтых сэгмэнтаў адлюстраваная на наступным графіку.

Паводле дасьледчыкаў, прычыны гэтага — некаторае паляпшэньне эканамічнага становішча Беларусі (што зафіксавана ў справаздачах іншых удзельнікаў праекту «Беларускі трэкер пераменаў»), а таксама ў тым, што беларускае войска ўсё ж ня ўдзельнічае ў вайне. І гэтыя фактары пераважаюць над пагаршэньнем палітычнага становішча краіны.

Яшчэ адна асаблівасьць грамадзкай думкі, зафіксаваная ў апытаньні, — тое, што для значнай часткі грамадзтва парадак дня дэмакратычных сілаў знаходзіцца на пэрыфэрыі інфармацыйнага поля. У прыватнасьці, пра такую важную для дэмакратычных сілаў падзею, як стварэньне Абʼяднанага пераходнага кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай, чулі каля 7% рэспандэнтаў. Нават сярод самага дасьведчанага сэгмэнта «зацятых праціўнікаў» улады — каля траціны не маглі адказаць на пытаньне пра вынікі працы Кабінэту.

Паводле вынікаў апытаньня, прыхільнікі ўзмацненьня санкцыйнага ціску на Беларусь пераважаюць толькі ў сэгмэнце «зацятых праціўнікаў» улады. Як адзначаюць аўтары дасьледаваньня, ва ўмовах узмацненьня рэпрэсіяў менавіта гэты сэгмэнт грамадзтва цярпіць ад такога ўзмацненьня ў найбольшай ступені.

Як і ў папярэдніх дасьледаваньнях пад кіраўніцтвам Філіпа Біканава, у апошнім паказана, што полюсы беларускага палітычнага супрацьстаяньня — «зацятыя прыхільнікі» і «зацятыя праціўнікі» ўлады — найгорш ставяцца адны да адных. Для рэспандэнтаў у сярэднім групай, якая выклікае найбольшую няпрыязь, зьяўляюцца цыганы (ромы). Але для полюсаў — яны самі адзін для аднаго.

Наступны графік паказвае шчыльную сувязь паміж палітычнымі пазыцыямі рэспандэнтаў — іх даверам і недаверам да дзяржаўных і недзяржаўных інстытутаў Беларусі — і падтрымкай бакоў у вайне ва Ўкраіне. У групе «зацятых праціўнікаў» улады — амаль пагалоўная падтрымка Ўкраіны, сярод «зацятых прыхільнікаў» улады дзьве траціны на баку Расеі.

Але вось у пытаньні ўдзелу беларускага войска ў вайне ва Ўкраіне на тым ці іншым баку беларускае грамадзтва салідарнае ў сваім адмоўным адказе. «Упэўненасьць у тым, што беларускаму войску ня трэба ўдзельнічаць у вайне, — тая нітка, якая прашывае ўсё беларускае грамадзтва, незалежна ад палітычных пераваг», — пішуць аўтары дакладу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG