Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт назваў 39 дасягненьняў за паўгода сваёй працы


Прэсавая канфэрэнцыя з нагоды 100 дзён кабінэту. Архіўнае фота.
Прэсавая канфэрэнцыя з нагоды 100 дзён кабінэту. Архіўнае фота.

Абʼяднаны пераходны кабінэт, створаны летась 9 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, даў справаздачу аб першых шасьці месяцах сваёй работы.

Прэс-рэліз вытрыманы ў пазытыўным ключы: па кожным з васьмі напрамкаў дзейнасьці пазначаныя толькі дасягненьні. Яны абʼяднаныя ў 39 пунктаў.

Сярод дасягненьняў у сфэры міжнародных адносін (адказны — прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі):

  • падрыхтаваны макет агульнаграмадзянскага пашпарта новай Беларусі, вядуцца перамовы аб міжнародным прызнаньні такога дакумэнту;
  • Рада Эўропы стварыла кантактную групу па адносінах зь Беларусьсю з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных структур;
  • для грамадзянскай супольнасьці Беларусі дапамога ЭЗ павялічана да 31 млн эўра, што на 1 млн эўра больш, чым у папярэднім бюджэтным годзе.

У адносінах з Украінай (адказны — Кавалеўскі):

  • наладжана сталае супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі ўстановамі Ўкраіны па профільных кірунках дзейнасьці;
  • з Нацыянальным банкам Украіны ўзгоднены альгарытм спрошчанай падачы заявак на разблякіроўку рахункаў беларускіх грамадзян у мясцовых банках.

У пытаньнях фармаваньня сілавога блёку (адказныя — прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык, прадстаўнік па аднаўленьні законнасьці і правапарадку Аляксандар Азараў):

  • сфармавана каманда, у яе склад увайшлі ў тым ліку афіцэры Ўзброеных сіл Беларусі;
  • распачата рэалізацыя пляну матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне;
  • у некалькіх гарадах Польшчы і Літвы створаны харугвы, пачало працаваць «Паспалітае рушэньне», у межах гэтых спартыўных добраахвотных аб’яднаньняў адбываецца «кансалідацыя беларусаў, фізычная і тэарэтычная падрыхтоўка»;
  • падрыхтаваныя групы спэцыяльнага прызначэньня, якія ўзмацнілі патэнцыял пляну «Перамога»;
  • выпушчана 12 расьсьледавальніцкіх відэафільмаў, у аснову якіх леглі доказы злачынстваў рэжыму;
  • вэрыфікавана 380 грамадзян Беларусі для забесьпячэньня бясьпекі дзейнасьці дэмакратычных сілаў.

У сфэры санкцыйнага ціску на рэжым (адказны — Павал Латушка):

  • у ЭЗ і ЗША перададзена прапанова аб неабходнасьці гарманізацыі санкцый у дачыненьні да Расеі і рэжыму Лукашэнкі;
  • установам ЭЗ перададзена інфармацыя пра спосабы абыходу санкцый рэжымам, дадзены рэкамэндацыі па прадухіленьні такіх спробаў;
  • падрыхтаваны прапановы з абгрунтаваньнем на ўвядзеньне пэрсанальных санкцый супраць 340 асобаў, якія служаць рэжыму.

У пытаньні крымінальнага перасьледу асобаў, адказных за рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны (адказныя — Латушка і Азараў):

  • накіраваны звароты ў дзяржаўныя органы Літвы, Чэхіі, Украіны з абгрунтаваньнем неабходнасьці прызнаньня КДБ і ГУБАЗіК МУС Беларусі тэрарыстычнымі арганізацыямі, Сэйм Літвы прыняў рэзалюцыю, якая менавіта так вызначае іх;
  • праведзена міжнародная канфэрэнцыя «Мэханізмы ўнівэрсальнай юрысдыкцыі ў краінах Эўропы», якая падсумавала досьвед працы дэмакратычных сіл на гэтым напрамку, вызначыла прыярытэты дзейнасьці на бліжэйшы час.

У пытаньні транзыту ўлады (адказны — Латушка):

  • Распачаты праект «Кадравы рэзэрв для новай Беларусі», апрацавана 170 заявак на навучаньне, 17% зь якіх падалі асобы, якія працуюць у дзяржаўным сэктары, сфармаваны плян пілётнай адукацыйнай праграмы.

У пытаньні дапамогі палітвязьням (адказная — прадстаўніца па сацыяльных пытаньнях Вольга Гарбунова):

  • распачата стварэньне міжнароднага фонду для рэабілітацыі рэпрэсаваных;
  • працоўная група па каардынацыі дапамогі палітзьняволеным дапамагла забясьпечыць больш эфэктыўную падтрымку 15 чалавек;
  • распачата падрыхтоўка да магчымых перамоў з рэжымам па пытаньні вызваленьня палітзьняволеных, кабінэт «гатовы пачаць перамовы па гэтым пытаньні ў выпадку, калі рэжым спыніць рэпрэсіі».

У сфэры нацыянальнай культуры і адукацыі (адказная — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык):

  • Польшча і надалей будзе прызнаваць беларускія дыплёмы і пасьведчаньні аб адукацыі, нягледзячы на скасаваньне рэжымам адпаведнага пагадненьня ў аднабаковым парадку;
  • атрымана згода на стварэньне сеткі беларускіх школ выходнага дня на тэрыторыі Польшчы;
  • заснаваны Інстытут беларускай кнігі, які будзе вырашаць задачы па разьвіцьці беларускай кніжнай справы насуперак рэпрэсіўным захадам рэжыму;
  • АПК абвясьціў 2023 год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэньня з мэтай падтрымкі і разьвіцьця нацыянальнай мовы і культуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG