У Нямеччыне заблякавалі банкаўскі рахунак нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, піша «Эўрарадыё». Пасьля таго, як у 2020 годзе да яе дома ў Менску прыйшлі сілавікі, пісьменьніца пераехала ў Бэрлін, дзе жыве і сёньня.
Прычынай блякаваньня рахунку стала тое, што ў Алексіевіч скончыўся дазвол на жыхарства ў Нямеччыне. На гэтай падставе рахунак заблякавалі.
«Блякаваньне рахунку Сьвятланы Алексіевіч не выключны выпадак, а вельмі шараговая сытуацыя, такое здараецца зь вялікай колькасьцю беларусаў, якім зь нейкіх прычын не пасьпяваюць своечасова працягнуць дазвол на жыхарства, — пракамэнтавала сытуацыю кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай. — У банку Сьвятлане сказалі, што гэта абмежаваньні, якія датычаць беларусаў і расейцаў у сувязі з вайной. Праблема ня ў тым, што такое не павінна здарацца з нобэлеўскай ляўрэаткай — падыход павінен быць роўны да ўсіх, такога не павінна здарацца ні з кім. Патрэбна зьмена падыходу для тых, хто вымушаны быў выехаць зь Беларусі празь перасьлед, але працягвае працу на карысьць дэмакратыі».
Новы ДНЖ Алексіевіч атрымае на пачатку красавіка.
Сьвятлане Алексіевіч 74 гады. У 2015-м пісьменьніца першай з усіх беларусаў атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры «за шматгалосую творчасьць — помнік пакутам і мужнасьці ў наш час». Яна крытычна выказвалася і працягвае выказвацца пра рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.
У 2020-м у Беларусі Сьвятлана Алексіевіч была ў складзе Каардынацыйнай рады, ёй пагражаў крымінальны перасьлед. Летась кнігі пісьменьніцы ў Беларусі правяралі «на наяўнасьць экстрэмізму».