Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Лосік, магчыма, учыніў спробу суіцыду. Адвакат і бацька палітвязьня зьбіраюцца тэрмінова ехаць у калёнію


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», Ігар знаходзіцца ў мэдсанчастцы пасьля спробы самагубства ў ШЫЗА.

Як стала вядома Свабодзе, бацькі Ігара Лосіка ўжо месяц не атрымліваюць лістоў ад сына. Маці Ігара паведамляла, што многія лісты ад бацькоў ён не атрымаў, ім таксама даходзілі ня ўсе лісты ад сына. Апошні раз адвакат бачыў Ігара ў калёніі ў сярэдзіне лютага.

10 дзён таму адваката да Лосіка не дапусьцілі

10 сакавіка ў наваполацкую калёнію паехаў адвакат Ігара. Як стала вядома Свабодзе, абаронцу ў выніку не дазволілі сустрэцца зь Ігарам Лосікам. Прычынай назвалі тое, што палітвязень не напісаў загадзя заяву на сустрэчу з адвакатам, а ў той момант нібыта знаходзіўся на працы і адрываць ад яе зьняволеных нельга.

Адвакату паведамілі, што Ігар працуе, зь ім усё ў парадку, яму перададуць, каб пісаў лісты бацькам: «Маўляў, Ігар хутка напіша».

Пасьля абвяшчэньня прысуду Дар’і Лосік сужэнцам нібыта дазволілі перапіску. Ігар напісаў Дашы больш за 20 лістоў. Дар’я таксама яму шмат пісала, аднак да Ігара пасьля прысуду Дар’і дайшоў толькі адзін ліст ад жонкі.

Ігар вельмі засмуціўся, што ня зможа сустрэцца з дачкой Паўлінай на спатканьні

У канцы сакавіка бацькі палітвязьня зьбіраюцца на даўгатэрміновае спатканьне зь Ігарам — «палітычным» дазваляюць спатканьне толькі на адны суткі (а ня на двое, як звычайным зьняволеным). Ігар Лосік раней у лістах вельмі прасіў прывезьці на спатканьне 4-гадовую дачку Паўлінку. Аднак празь бюракратычныя перашкоды бацькі Ігара з сабой на спатканьне Паўліну ўзяць ня могуць, бо яны юрыдычна не зьяўляюцца апекунамі дзяўчынкі. Апякунства афіцыйна аформлена на бацькоў Дар’і. Ігар з дакорам напісаў у адным з ранейшых лістоў, што, мабыць, «пабачыць дачку, калі яна школу скончыць».

Бацькі Ігара дапускалі, што ён стамляецца на працы, працуе па 6 дзён на тыдзень на сартаваньні на нейкім сховішчы. Пасьля папярэдняга галадаваньня ў яго пагоршылася здароўе — знайшлі гіпэртанію другой ступені і нават перавялі зь лесапілкі на лягчэйшую працу. Да таго ж у Лосіка бываюць перапады настрою.

Як высьветлілі праваабаронцы «Вясны», Ігар Лосік знаходзіўся ў ШЫЗА наваполацкай калёніі. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а пасьля парэзаў сабе рукі і шыю. Паводле інфармацыі парваабаронцаў, Ігара пасьля гэтага здарэньня выратавалі і цяпер ён знаходзіцца ў мэдсанчастцы.

Бацька Ігара Аляксандар Лосік зараз тэрмінова зьвязваецца з адвакатам, разам яны зьбіраюцца паехаць у наваполацкую калёнію, каб на месцы высьветліць усе абставіны здарэньня. Аляксандар Лосік спадзяецца, што яму дазволяць сустрэцца з сынам у мэдсанчастцы, як дазволілі бацьку Марыі Калесьнікавай некалі сустрэцца ў шпіталі з дачкой.

21 сакавіка спаўняецца роўна 1000 дзён, як Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі. У гэты ж дзень у Вярхоўным судзе ў Менску будуць разглядаць апэляцыю на прысуд Дар’і Лосік.

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG